Табу
Табу.
Забароненыя тэмы для размоваў.
Тое, што не называецца, пра што не гаворыцца і не згадваецца.
Не абмяркоўваецца.
Чаму?
Для чаго, каб абараніць псіхіку, ці рэальнае жыццё.
Тое, пра што не сказана, таго як бы і няма.
Я пісала пра табу, і кожны зразумеў, як шчасце паводле Аркадзя Гайдара – „па своему” – „Что такое счастье – это каждый понимал по своему” – цытата з апавядання „Чук и Гек”( 1939 год).
Калі пісала пра табу, я думала пра сямейныя гісторыі, якія не абмяркоўваюцца.
Я думала пра адну з іх датычную рэпрэсій і нашай сям’і.
Думала пра стрыечную сястру маёй мамы (значна старэйшую), якую пасадзілі па палітычным артыкуле.
У зняволенні яна нарадзіла сына – ад доктара, які быў таксама – зняволеным.
Да трох гадоў сын быў у лагеры з маці.
Пасля трэба было – альбо ў дзіцячы дом, альбо сваякам. Яе бацька паехаў туды – далёка і забраў яго ў Гомель.
У Гомелі яму казалі так- „будзеш добра сябе паводзіць, прыедзе мама”.
А дзе табу?
У гэтай гісторыі – усё табу.
Мне не дазвалялі пытацца – ці памятае ён што-небудзь пра лагер, дзе жыў да трох гадоў.
А зімой я спытала.
Ён сказаў, што не памятае – а памятае ўжо Гомель, як ляжаў на дубовай шафе і глядзеў у вакно – чакаў, калі мама на вуліцы з’явіцца.
Яе не адпусцілі, не амніставалі нават пасля смерці Сталіна – яна адбыла поўны тэрмін – 10 гадоў.