Судовыя прысуды па справе аб крадзяжы зброі і боепрыпасаў
Берасцейскі абласны суд 11 траўня размясціў інфармацыю па выніках судовых разглядаў крымінальных спраў, фігурантамі якіх сталі вайскоўцы Баранавіцкага гарнізона. Вайскоўцы ў званнях ад старшыны да палкоўніка прызнаныя вінаватымі ў незаконных дзеяннях са зброяй і боепрыпасамі і прысуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўлення волі.
Нагадаем, у жніўні 2018 года Следчы камітэт паведаміў пра расследаванне крымінальнай справы, распачатай камандзірам адной з воінскіх часцей Баранавіцкага гарнізона. Начальнік склада зброі і боепрыпасаў часці выкраў зброю і боепрыпасы, якія рэалізаваў як самастойна, так і праз іншых асоб. Пад варту былі ўзятыя 14 чалавек. Аднаго з падазраваных затрымалі з выкрадзенай зброяй у Расеі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, зброя выкрадалася з часці і прадавалася ў тым ліку ў Расею.
Як паведамляе прэс-служба Берасцейскага абласнога суда, адзін з абвінавачаных на момант учынення злачынства быў ваеннаслужачым, меў званне палкоўніка. Ён незаконна набыў у іншай асобы два пісталеты Макарава, вырабленыя заводскім спосабам, і патроны да іх, а таксама прыдатны для стральбы аўтамат Калашнікава з патронамі. Зброю палкоўнік незаконна захоўваў, перавозіў і насіў пры сабе.
Другі абвінавачаны незаконна захоўваў у кватэры аўтамат Калашнікава, пісталет Макарава і патроны да іх.
Былы палкоўнік пакараны пазбаўленнем волі на чатыры гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці. Ён пазбаўлены вайсковага звання.
Другому абвінавачанаму прызначанае пазбаўленне волі на два гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці. Прысуд быў абвешчаны 4 мая.
Прэс-служба Берасейскага абласнога суда дадала, што 1 сакавіка быў пастаўлены прысуд у дачыненні да камандзіра аддзялення аховы роты матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння в/ч 29969, старшыны кантрактнай службы. Ён прызнаны вінаватым у незаконных набыцці, захоўванні і нашэнні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў. Яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў з пазбаўленнем воінскага звання „старшына”.
13 сакавіка быў пастаўлены прысуд у дачыненні да старшага лейтэнанта, па аналагічным артыкуле 295 КК (незаконныя дзеянні з боепрыпасамі і зброяй). Старшы лейтэнант пазбаўлены волі на 4 гады і воінскага звання.
26 сакавіка да 2 гадоў пазбаўлення волі прыгавораны яшчэ адзін фігурант гэтай крымінальнай справы.
belapan.by