Талака на старых каталіцкіх могілках Гародні



Правесці талаку на старых каталіцкіх могілках па падрэзцы хмызняку і ачыстцы ад смецця прапанавалі вядоўцы курсаў “Мова Нанова Гародня” ў панядзелак 13-га траўня. 

Запрашаюцца на 19-ую гадзіну ўсе ахвотныя. Кажа адзін з актывістаў курсаў Сяржук Герман:

– Актывізавалася пытанне старых каталіцкіх і праваслаўных могілак. І “Мовай Нанова” было прынятае рашэнне зрабіць талаку 13 траўня. І а 19-й гадзіне замест заняткаў сабрацца і прыбраць старыя каталіцкія могілкі, таму што знаходзяцца яны не ў самым лепшым стане. Тым больш ёсць працяг праекту па адлічбоўцы гэтых могілак. І таму перад гэтым варта іх расчысціць, каб можна было спакойна фатаграфаваць іх і заносіць у базу.

Старыя каталіцкія і праваслаўныя могілкі вядомыя пахаваннямі паўстанцаў 1863 году, дзеячоў БНР, пісьменніцы Элізы Ажэшкі, маці паэта Максіма Багдановіча – Марыі, паэта Міхася Васілька і іншымі пахаваннямі слынных дзеячоў Беларусі. Знаходзяцца яны на вуліцы Антонава ў Гародні.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня