Жыхар Слоніма просіць футбольны клуб перайсці на родную мову
Жыхар Слоніма Павел Севасцьян звярнуўся да адміністрацыі дзяржаўнай установы “Футбольны клуб “Слонім 2017”.
У ім паведамляецца, што Слонімскі футбольны клуб мае даўнюю гісторыю. У гэтым годзе першай Слонімскай футбольнай камандзе “Тарпеда” споўнілася 50 гадоў. Тое, што ў Слоніме вельмі любяць і паважаюць футбольную каманду, сведчыць штогадовая падтрымка слонімскіх гледачоў на трыбунах стадыёна “Юнацтва” .
З пачаткам правядзення чэмпіянатаў Беларусі, пачынаючы з 1992 года, адміністрацыя Слонімскага клуба ўсюды выкарыстоўвае толькі расейскую мову (эмблема клуба, афішы, табло, дыктар на стадыёне агучвае ўсё па-расейку падчас правядзенння футбольнага матча і г.д.). У сувязі з гэтым, Павел Севасцьян просіць у далейшым выкарыстоўваць беларускую мову, як гэта робіцца на многіх вялікіх стадыёнах Беларусі. Гэта было б павагай да сваіх слонімскіх заўзятараў, якія заўсёды падчас матчаў на банерах ужываюць беларускую мову – мову тытульнай нацыі. І павагай да нашай гісторыі, народа і спартыўнай культуры, – паведамляецца ў звароце.
Зварот адпраўлены ў адміністрацыю футбольнага клуба “Слонім 2017”.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім