Палітвязні: святы за кратамі
Сябры і калегі журналіста, палітычнага вязня Яўгена Васьковіча перадалі яму да каталіцкага Раства цёплыя рэчы, гігіенічныя сродкі; аформілі падпіску на газеты і часопісы.
Як кажа маці Яўгена – Рушанія Васьковіч, у калоніі ён зараз працуе ў швейным цэху. Праца яму падабаецца, але часам узнікаюць праблемы са спіной і са страўнікам.
– З 11.00 да 13.00 мы з ім размаўлялі. Усім вялізнае прывітанне, усім здароўя пажадаў, дзякуе за дапамогу, за падтрымку. Настрой, як заўсёды, добры, бадзёры. Працуе ён там, шые ватоўкі, таму час мінае хутчэй. Два выходных – субота. Можа ўсё ж такі атрымаецца раней выйсці з калоніі.
Яўгена Васьковіча арыштавалі ў студзені 2011 году, а пазней прысудзілі да сямі гадоў зняволення – за злоснае хуліганства і пашкоджанне маёмасці. Праваабаронцы заяўляюць аб празмернасці вынесенага пакарання.
Жонка іншага палітвязня, Мікалая Статкевіча – Марына Адамовіч кажа, што тэлефанаванняў ад мужа даўно не было:
– На той момант, калі мы з ім сустракаліся Мікола адзначаў, што крышачку палепшылася сітуацыя ў турме з харчаваннем. Ён выказваўся па праблеме прэзідэнцкіх выбараў. Прасіў, што, калі не могуць дамовіцца на адзінства, то, каб хаця бы было падпісана нейкае пагадненне ад сумесных дзеяннях.
З нагоды юбілея сябры грамадзянскай ініцыятывы „Свабоду Мікалаю Статкевічу ды іншым палітвязням” размесцілі ў Польшчы на ажыўленай трасе каля мяжы з Беларуссю інфармацыйныя плакаты з партрэтам палітвязня і патрабаваннем яго вызвалення, – сказала Марына Адамовіч.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя