У Гародні – турыстычны бум “бязвізавых” турыстаў
Гарадзенскія турыстычныя фірмы канстатуюць, што за майскія выходныя рэгіён наведала вялікая колькасць турыстаў, асноўную частку з іх складалі турысты, што прыехалі па “бязвізу”.
Пра турыстаў, што прыязджаюць у Гародню, распавядае дырэктар турагенства “Спадарожнік” Аляксандр Старыцын:
– Сапраўды было вельмі шмат турыстаў у нас у горадзе. Прыязджалі як па “бязвізу”, так і па візах. Прызджалі школьнікі, прыязджалі суседзі з Польшчы і Літвы, турысты з Расеі, Украіны. Турысты сапраўды цікавяцца нашым горадам, Аўгустоўскім каналам. Возім іх і па Гарадзенскім раёне. Калі па „бязвізу” прыязджаюць, то і ў Адэльск часам возім. І ў Каробчыцы. Прыязджае да нас шмат турыстаў, асабліва з Польшчы, якія маюць свае карані ў нас у Гародні.
Святлана Якімава, дырэктарка турыстычнай фірмы “Дон Кіхот”, канстатуе, што замежных турыстаў цікавяць гарадзенскія адметнасці:
– Было шмат групаў. Былі занятыя амаль усе экскурсаводы, усе месцы размяшчэння, харчавання. Я думаю, што гэта быў вельмі прыбытковы час для ўсіх працаўнікоў турыстычнай індустрыі. У асноўным мы прапануем экскурсійныя праграмы. Таксама гастранамічныя экскурсіі, якія дазваляюць адчуць смак Гародні і ўвогуле беларускай кухні. Самае галоўнае, мы падладжваемся пад тое, што хочуць турысты. Палякі, напрыклад, з задавальненнем ходзяць у музей Элізы Ажэшкі.
Прадстаўнікі турыстычных фірмаў канстатуюць, што наступны турыстычны бум гарадзенцы адчуюць толькі ў чэрвені – ліпені, калі распачнецца перыяд летніх адпачынкаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота grodnonews.by