Успаміны пра Валянціна Ермаловіча
У выдавецтве “Кнігазбор” выйшла кніга ўспамінаў пра тэатральнага рэжысёра, акцёра, педагога, заслужанага работніка культуры Беларусі Валянціна Ермаловіча (1925-2004). Кніга мае назоў “Ачышчэнне душы”.
Валянцін Ермаловіч усё пасляваеннае жыццё пражыў у Магілёве. Ён скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, быў акцёрам Пінскага (1950-1954) і Магілёўскага (1954-1956) абласных драматычных тэатраў, выкладчыкам Магілёўскага вучылішча культуры (1956-1985).
Адначасова кіраваў Магілёўскім народным тэатрам Палаца культуры завода штучнага валакна (1961-1969), тэатральным калектывам медыцынскіх работнікаў Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы (1971-1977), Краснапольскім народным тэатрам (1978-1992), рэжысёрам Бялыніцкага народнага тэатра юнага гледача (1993-1998), а з 1992 года быў кіраўніком народнага тэатра “Валянцін” Магілёўскага гарадскога Цэнтра культуры і вольнага часу.
Валянцін Ермаловіч шчыра любіў Беларусь, усё жыццё размаўляў толькі на роднай мове. Калі яго родны брат Мікола Ермаловіч сваё жыццё звязаў з гісторыяй Беларусі, то Валянцін Ермаловіч – з тэатральным мастацтвам.
У кнігу успамінаў пра Валянціна Ермаловіча ўвайшлі згадкі пра гэтага таленавітага чалавека. І да гэтай памяці далучыліся былыя сябры і вучні не толькі з Магілёва, дзе ён жыў і працаваў, а таксама з Менску, Слоніма, Бялынічаў, Краснаполля. Праўда, пра Валянціна Іванавіча маглі б успомніць сотні людзей, якія яго ведалі, якіх ён вучыў, з кім працаваў. І магчыма кніга “Ачышчэнне душы” стала толькі першай ластаўкай успамінаў пра яго.
Шчыра пра беларускага тэатральнага рэжысёра і педагога ўспамінаюць Людміла Рублеўская, Віктар Шніп, Міхась Карпечанка, Сяргей Чыгрын, Мікола Яцкоў, Лілія Кузьменка, Яраслаў Клімуць, Міхась Булавацкі, Ігар і Таццяна Пушкіны, Віктар Арцем’еў і іншыя асобы. Кнігу ўклалі, напісалі прадмову і знайшлі фундатараў Міхась Карпечанка з Бялынічаў і Сяргей Чыгрын са Слоніма.
Прэзентацыі кнігі ў Бялынічах, Магілёве і Краснаполлі запланаваныя ў пачатку 2015 года.
Барыс Баль. Беларускае Радыё Рацыя. Магілёў