У Сафійскім саборы адзін дзень будуць экспанавацца каштоўныя ўпрыгожванні крывічоў



18 траўня пройдзе міжнародная акцыя, прысвечаная Дню музеяў. Музейшчыкі Полацка да гэтага дня падрыхтавалі сюрпрызы.

Полацкія музеі будуць працаваць з дзесяці гадзін раніцы да адзінаццаці вечара. 

 У Сафійскім саборы пройдзе выстава «Музейная скарбонка. Упрыгажэнні жыхароў Полацка і Полацкай зямлі Х-ХІІІ стагоддзяў». Толькі ў „Ноч музеяў” экспануюцца ўпрыгожванні з золата і срэбра.

 У пяць гадзін вечара каля сцен Мастацкай галерэі можна будзе паглядзець на стрыт-арт, а ў 18:00 у самой галерэі адкрыецца выстава «3D тэхналогіі пачатку ХХ стагоддзя. Бенефіс аднаго музейнага прадмета». На выставе ўпершыню будзе прадстаўлена паштоўка мінулага стагоддзя „Внутренній вид Николаевского собора въ г. Полоцкъ”. Гэта так званая стэрэапара, парны малюнак, які прызначаўся для прагляду ў адмысловым прыборы – стэрэаскопе. Наведвальнікам будзе прадстаўлена магчымасць, выкарыстоўваючы спецыяльныя акуляры, убачыць аб’ёмны малюнак, захаваны на паштоўцы.

Увечары ў Краязнаўчым музеі будзе працаваць інтэрактыўная пляцоўка „Загадкі шахматнай дошкі”. Таксама там падрыхтуюць выставу «Народжаныя перамагаць», прысвечаную развіццю фізічнай культуры ў Полацку.

gorod214.by