Беларусь плануе пачаць пастаўкі агародніны і садавіны, мукі і мёду ў Кітай
Беларусь плануе атрымаць права на пастаўкі агародніны і садавіны, мукі і мёду ў Кітай, паведаміў 13 траўня журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў.
„Цяпер працуем над сертыфікацыяй і адкрыццём паставак на кітайскі рынак агародніны і садавіны, мукі, мёду і малочнай прадукцыі для кармлення жывёлы. Акрамя таго, вядзём перагаворы, каб дабавіць яшчэ два прадпрыемствы да спіса мясакамбінатаў, адкрытых для паставак ялавічыны ў Кітай”, – сказаў Аляксей Багданаў.
Ажыццяўляць пастаўкі ў Кітай могуць пяць беларускіх птушкафабрык: ААТ „Агракамбінат „Дзяржынскі”, ААТ „Віцебская бройлерная птушкафабрыка”, ААТ „Птушкафабрыка „Дружба”, СЗАТ „Сервалюкс”, ААТ „Смалявічы Бройлер”. На права паставак ялавічыны сертыфікаваны ТАА „Вялес-Міт” і ААТ „Магілёўскі мясакамбінат”. Таксама для паставак у Кітай адкрыты 54 малочныя прадпрыемствы. Акрамя таго, 24 красавіка адбылася сустрэча міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Анатоля Хацько з кіраўніцтвам Галоўнага мытнага ўпраўлення Кітая. Быў узгоднены і зацверджаны сертыфікат для экспарту ў Кітай рыбнай прадукцыі. Атрыманы і дазвол на экспарт курыных лапак у КНР з раней акрэдытаваных птушкафабрык.
За першы квартал 2019 года экспарт беларускай сельгаспрадукцыі ў Кітай склаў $15,3 млн, што ў 2,7 раза больш, чым у аналагічным перыядзе мінулага года. У 2018-м экспарт гэтай катэгорыі тавараў у Кітай склаў $82,5 млн, па выніках 2019-га плануецца падысці да лічбы ў памеры $90 млн. У Кітай пастаўляюцца сухое абястлушчанае і сухое натуральнае малако, сухая сыроватка, натуральнамалочная прадукцыя, марожанае, ільновалакно, рапсавы алей, мяса птушкі, ялавічына, пробныя партыі сыроў.
belapan.by