Розніца праблем і агульнасць пагрозы
У кожнай краіны, у кожнай дзяржавы свае праблемы. На мінулым тыдні новага прэзідэнта выбіралі грамадзяне Літвы. Ранейшая кіраўнічка краіны Даля Грыбаўскайтэ адбыла свае два законныя тэрміны і можа ўрэшце заняцца асабістым жыццём, а паралельна пры жаданні паслужыць сваёй Айчыне ў іншы спосаб. Змяняльнасць улады – вялікае дасягненне дэмакратыі, пра якую беларусы могуць пакуль толькі марыць. Літва з 1993 года выбірае ўжо пятага прэзідэнта. І не так ужо істотна ў развіцці гэтай дзяржавы, хто будзе абраны новым кіраўніком – эканаміст Гітанас Наўседа ці кандыдатка ад партыі кансерватараў Інгрыда Шыманітэ. Калі хто з іх прывядзе краіну да крызісу, то на наступных выбарах непазбежна будзе пераабраны на іншага. А то і датэрмінова адпраўлены ў адстаўку, як гэта здарылася некалі з Раландасам Паксасам. Грамадзяне Беларусі могуць толькі аблізвацца на такі выбар і зайздросціць суседзям.
Україна ўжо выбрала новага і чарговага прэзідэнта, але ніяк не можа прызначыць дату інаўгурацыі Уладзіміра Зяленскага. Там свае палітычныя супярэчнасці і свае калізіі. Каманда прайграўшага на выбарах прэзідэнта Пятра Парашэнкі наўмысна зацягвае інаўгурацыю, каб не дапусціць датэрміновага роспуску парламента і такім чынам захаваць уплывы. Супярэчнасці нарастаюць, жарсці будуць кіпець, аднак палітычныя працэсы ідуць і ўрэшце раўнавага галінаў улады будзе ўсталёўвацца. Бо ёсць галоўнае – выбары як механізм змяняльнасці ўлады. Ёсць незалежнасць суда, пракуратуры, вольнасць медый. Хай сабе і шмат што яшчэ пакуль неўрэгуляванае, папсаванае карупцыяй, постсавецкімі звычкамі. Але ж гэта і ёсць хвароба росту, бо ўсё ў развіцці і разнастайнасці.
Арменія падсумавала першыя ўгодкі кіравання Нікола Пашыняна як кіраўніка дзяржавы. “Аксамітная рэвалюцыя” у гэтай краіне прынесла шмат пазітыўнага. Сама галоўнае, што людзі асэнсавалі той факт, што яны самы адказныя за свой лёс і могуць уплываць на сваю дзяржаву, вырашаць многія пытанні. Важнае ўсведамленне, што ёсць законы, якія рэальна пачынаюць працаваць. Аднак, Арменіі вельмі цяжка рэфармаваць эканоміку, а геапалітычнае яе становішча амаль трагічнае. Наўкола ажно тры варожа настроеныя мусульманскія дзяржавы, у рэальнасці вялікая залежнасць ад Расеі, якая цывілізацыйна ўсё ж бліжэй армянам праз традыцыйную праваслаўную культуру. Аднак пуцінская Расея – гэта зусім не той саюзнік, які можа гарантаваць суверэнітэт і свабоду хоць каму-небудзь.
Расея на чарговыя ўгодкі заканчэння Другой сусветнай вайны на мінулым тыдні зноў захлыналася ад з’явы, якую нехта вельмі трапна акрэсліў словам-новатворам “победобесие”. Фашызацыя расейскага грамадства (працэс трэба называць менавіта так як ёсць!) праз міфы “вялікай перамогі” адбываецца імкліва і вельмі пагрозліва. Мілітарызацыя Расеі, унутраная агрэсія, фармаванне вобразу нібыта варожага Захаду непазбежна выльюцца ў знешнюю экспансію. І тут Україна, Казахстан, Грузія, Малдова, Беларусь, краіны Балтыі і нават Польшча знаходзяцца пад найбольшай пагрозай. І тут палітыкам гэтых краін трэба ўсведамляць усю небяспеку вайсковай агрэсіі Масквы. Гэта, пры усёй розніцы развіцця і праблем у гэтых краінах, тое агульнае, што павінна яднаць суседзяў Расеі.
У Беларусі сёлета святкаванне 9 мая прайшло крыху менш пампезна і істэрычна, чым звычайна. Кіраўнік менскага “Чырвонага дому” ужо выразна разумее ўсю асабістую небяспеку дамінацыі Масквы і росту там памкненняў у курадымнай эйфарыі чарговы раз “вызваліць Менск”. На гэты раз яны могуць вызваліць сталіцу Беларусі ад свайго шматгадовага лепшага сябра і партнёра. Інтэграцыйныя гульні так зацягнуліся, што Беларусь, нібыта той бегемот, загразла ў гэтай небяспечнай багне па самыя вушы. Дыхаць усё цяжэй, выбрацца на цвёрды ўстойлівы бераг усё меней шанцаў. Але, як казаў незабыўны літаратурны персанаж барон Мюнхгаўзен: “Мой конь спатыкнуўся і пачаў тапіцца ў балоце. Мне засталося загінуць альбо неяк уратавацца. Як вы думаеце, што я выбраў?!”…
Уладзімір Хільмановіч