Вярхоўны суд пакінуў у сіле смяротны прыгавор Аляксандру Асіповічу



Вярхоўны суд 14 мая адхіліў апеляцыйную скаргу жыхара Бабруйска Аляксандра Асіповіча, асуджанага да смяротнага пакарання.

На сённяшнім пасяджэнні калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда Асіповіч прасіў змяніць інкрымінаванае яму абвінавачванне „забойства дзвюх і больш асоб з асаблівай жорсткасцю” на „забойства пры перавышэнні межаў неабходнай самаабароны”. Яму было ў гэтым адмоўлена.

Смяротны прысуд Асіповічу, які абвінавачваецца ў двайным забойстве пры абцяжвальных абставінах, быў вынесены 9 студзеня гэтага года Магілёўскім абласным судом. Паводле дадзеных следства, 20 ліпеня 2018 года неаднаразова судзімы Асіповіч пазнаёміўся ў кафэ з дзвюма маладымі жыхаркамі Бабруйска. Усе трое накіраваліся ў кватэру, якая належыць маці Асіповіча, дзе працягнулі распіваць спіртныя напоі. Падчас канфлікту мужчына стаў збіваць жанчын, у тым ліку нажом і малатком. Пацярпелыя памерлі на месцы, пасля чаго Асіповіч, паводле інфармацыі следства, „прыняў меры да расчлянення і ўтойвання трупаў”.

Пры разглядзе апеляцыйнай скаргі Асіповіч сцвярджаў, што дзяўчаты самі напрасіліся да яго ў кампанію і па сваёй ініцыятыве паехалі з ім на кватэру яго маці. Паводле слоў абвінавачанага, ахвяры самі справакавалі канфлікт, а ён толькі збіраўся выставіць іх з кватэры. Падчас бойкі адна з дзяўчат першай схапілася за нож, заявіў Асіповіч. Званкі дзяўчат у міліцыю з ваннай, дзе яны замкнуліся, ён назваў „інсцэніроўкай”.

Сёння ў судзе Асіповіч падаў хадайніцтва аб пераносе разгляду апеляцыі і прызначэнні яму дадатковых псіхолага-псіхіятрычных і іншых экспертыз. Група суддзяў пад старшынствам намесніка старшыні Вярхоўнага суда Руслана Аніскевіча гэтае хадайніцтва адхіліла.

Раней Асіповіч быў неаднаразова судзімы, у тым ліку за ўчыненне злачынстваў супраць жыцця і здароўя.

Беларусь — адзіная ў Еўропе дзяржава, дзе працягвае прымяняцца смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання. Паводле звестак праваабаронцаў, у цяперашні час у камеры смяротнікаў знаходзяцца Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка.

Еўрапейскія структуры і праваабарончыя міжнародныя арганізацыі неаднаразова заклікалі ўлады Беларусі ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне, а ў перспектыве — адмяніць яе цалкам.

belapan.by