Прэзентацыя дзвюх кніг



У Новадзявяткавіцкай сярэдняй школе Слонімскага раёна адбылася першая прэзентацыя дзвюх новых кніг Сяргея Чыгрына са Слоніма. Пісьменнік, краязнавец і журналіст сёлета выдаў дзве кнігі, прысвечаныя роднай Слонімшчыне – “Гістарычная мазаіка Слонімшчыны” (Менск, Кнігазбор) і “Літаратурная Слонімшчына” (Гародня, ЮрСаПрынт).

Пра свае новыя кнігі аўтар цікава распавёў вучням і настаўнікам. Ён адказаў на пытанні прысутных і правёў некалькі гісторыка-літаратурных конкурсаў сярод школьнікаў, а пераможцаў узнагародзіў кнігамі.

Праводзіць прэзентацыю кніг дапамагалі і вучні Новадзявяткавіцкай школы. Яны чыталі вершы і празаічныя ўрыўкі кніг беларускіх пісьменнікаў. А спявачка з Менску Таццяна Грыневіч усіх адорвала песнямі на словы класікаў беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа. Прэзентацыя прайшла вельмі добра і карысна для дзяцей і педагогаў, ад імя якіх шчыра падзякаваў гасцям дырэктар школы Дзмітрый Блізнюк.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара