16 траўня ў Маскве працягнуцца перамовы па нафце



16 траўня ў Маскве працягнуцца перамовы аб транзітных пастаўках нафты па трубаправодзе „Дружба”. Як паведамілі БелаПАН у канцэрне „Белнафтахім”, удзел у іх возьме віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Ляшэнка.

Пытанні нармалізацыі сітуацыі з транзітам нафты па трубаправодзе „Дружба”, абмяркоўваліся 13—14 траўня ў Браціславе (Славакія) на пасяджэнні Міжнароднай асацыяцыі транспарціроўшчыкаў нафты. Беларускую дэлегацыю ўзначаліў намеснік старшыні „Белнафтахіма” Уладзімір Сізоў.

„Галоўная мэта, якую ставіць перад сабой беларуская дэлегацыя, — выпрацоўка выразнага плана дзеянняў транспарціроўшчыкаў нафты і яе еўрапейскіх спажыўцоў у Венгрыі, Германіі, Польшчы, Славакіі і Чэхіі для аператыўнага аднаўлення транзіту па „Дружбе” ў напрамку гэтых краін”, — паведаміла прэс-служба „Белнафтахіма” ў першы дзень перамоў.

Вынікі сустрэчы ў Браціславе ў канцэрне пакуль не каментуюць.

Аб пастаўках няякаснай нафты па нафтаправодзе „Дружба” стала вядома ў сярэдзіне красавіка. З-за забруджанай хлорарганікай нафты на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяванне, пасля чаго яе транзіт у Еўропу быў цалкам спынены. У Расеі распачатая крымінальная справа аб наўмысным забруджванні нафты ў трубаправодзе „Дружба”. Чыстая нафта зноў пачала паступаць у Беларусь у пачатку траўня.

belapan.by