Круглы стол, прысвечаны Курапатам і ўшанаванню памяці рэпрэсаваных
У Менску прайшоў круглы стол па праблемах пошукаў і ўшанавання памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій 30 -40 гадоў XX стагоддзя. Па словах мадэратара гэтага мерапрыемства, гісторыка Ігара Кузняцова, падзеі вакол Курапатаў, – мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў, актуалізавалі пытанні, якія абмяркоўваліся на круглым стале.
Перш за ўсё, гэта выяўленне месцаў пахаванняў ахвяраў палітычных рэпрэсій, колькасць ахвяраў. Афіцыйна агучваюцца лічбы прыкладна 30 тысячаў расстраляных у Беларусі і ад 7 да 7 з паловай у Курапатах. Аднак, як адзначыў Ігар Кузняцоў, гэтыя лічбы не супадаюць нават з ранейшымі афіцыйным дадзенымі той жа Генеральнай пракуратуры Беларусі.
– Лічбы скарэктаваны ўжо пасля 1994 года ў бок памяньшэння. Рэальныя лічбы мы не ведаем. Таму першае пытанне дыскусіі – удакладняць гэтыя лічбы. Другая праблема, звязаная з устанаўленнем лакалізацыі месцаў пахаванняў не толькі ў Курапатах, але і на тэрыторыі Беларусі. І ўстанаўленне імёнаў тых, хто там пахаваны.
Галоўны вынік паседжання круглага стала – стварэнне працоўнай групы, якая зоймеца пытаннямі каардынацый гэтай дзейнасці, – лічыць Ігар Кузняцоў. Адным з асноўных кірункаў дзейнасці стане падрыхтоўка запытаў у праваахоўныя органы, з канкрэтнай фармулёўкай: чалавек быў арыштаваны, нявінна асуджаны, расстраляны, потым рэабілітаваны. Але невядома ні месца пахавання, ні прозвішчы тых, хто вінаваты ў яго смерці. На гэтыя пытанні прыйдзецца адказваць у тым ліку і органам дзяржбяспекі, – сказаў Ігар Кузняцоў.
Цалкам матэрыял у далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Менск