Пенсіянерку аштрафавалі за плакат на чарнобыльскай акцыі ў Менску



Актывістку з Асіповіч Таццяну Барэль аштрафавалі на 382,5 рубля (15 базавых велічынь) за правядзенне адзіночнага пікету падчас несанкцыянаванай акцыі ў Менску 26 красавіка на ўгодкі чарнобыльскай аварыі.

Тады традыцыйная акцыя апазіцыі, прымеркаваная да гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, была скасаваная. Улады дазволілі шэсце, але арганізатары акцыі адклікалі заяўку, не пагадзіўшыся аплочваць міліцыі паслугі аховы дэманстрантаў. Але каля 70 чалавек сабраліся на традыцыйным месцы каля Акадэміі навук, а потым прайшлі да капліцы ў парку Дружбы народаў, дзе адбыўся кароткі жалобны мітынг.

Таццяна Барэль у гэтым шэсці не ўдзельнічала. Яна толькі выйшла на пляцоўку каля Акадэміі навук з самаробным плакатам у руках. На плакаце былі пазначаныя звесткі пра колькасць памерлых і народжаных у Беларусі ў 2018 і 2019 гадах. З лічбаў вынікала, што насельніцтва Беларусі працягвае хутка змяншацца. «Гэта генацыд? Хто адкажа?» — запыталася ў канцы плаката актывістка.

Калі іншыя ўдзельнікі акцыі рушылі на шэсце, Тацяна Барэль спусцілася ў метро. Там, на станцыі «Плошча Якуба Коласа» яе затрымалі і склалі пратакол, а пазней на 16 траўня выклікалі ў Першамайскі раённы суд Менска.

«Суд быў кароткім, — расказала Таццяна Барэль. — Сведчылі супраць мяне два міліцыянты, але нічога не прыдумлялі. Казалі, што папярэджвалі, што стаяла з плакатам, а я і сама гэтага не адмаўляла. Вось толькі чаму гэта забаронена? Як і прадбачыла, пакаралі, але зашмат далі — гэта ж цэлая мая пенсія за месяц! Яшчэ аштрафавалі аднаго мужчыну, які таксама выйшаў з плакатам, але яму прысудзілі меней, чым мне, — 10 базавых. Відаць, менш крыўднае нешта напісаў», — расказала Тацяна Барэль.

svaboda.org