Няшчасце быць цыганом у Беларусі



За гады сваёй рэпарцёрскай працы даводзілася некалькі разоў рабіць сюжэты і рэпартажы пра жыццё народу рома. Балазе на Гомельшчыне пражывае самая вялікая ў Беларусі абшчына цыганоў, таму гэтая задача для матываванага журналіста цалкам рэалістычная. Што праўда, камунікацыйнай асаблівасцю прадстаўнікоў народу рома з’яўляецца вялікая ступень недаверу да беларускага насельніцтва. Для наладжвання адносін, як правіла, трэба прыкласці шмат намаганняў, а яшчэ лепей прыехаць у цыганскі раён у суправаджэнні суродзіча. Тады цыганы пачынаюць раскрывацца, даюць каментары на праблемныя тэмы.

Цыганы жывуць кампактна ў прыватным сектары некалькіх гарадскіх раёнаў, а таксама на ўскрайку вёсак і мястэчак, што мяжуюць з Гомелем. Памятаю, як сёння, першае ўражанне ад наведання шматдзетных цыганскіх сем’яў з вёскі Бальшавік, куды мяне запрасілі для асвятлення праблемы з магчымым прымусовым высяленнем на вуліцу па прычыне аварыйнага стану дамоў. Сапраўды, іх жыллё выглядала вельмі жахліва: пахіленыя вясковыя хаціны з паўспарахнелымі сценамі на падпорках, замест шыбаў у вокнах – цырата, буржуйкі па цэнтры хатаў. Такіх карцін чалавечай галечы раней мне бачыць не даводзілася. І пасярод усяго гэтага – жыццярадасныя твары маладых цыганоў, дзеці і старыя. У такіх умовах яны пражываюць дзесяцігоддзямі.

Многія з цыганоў – непісьменныя, не маюць сталай працы. У размовах яны тлумачылі прычыны свайго гаротнага стану не столькі традыцыямі, якія спрыяюць ізаляванаму існаванню цыганскіх абшчын, колькі гаварылі пра праявы побытавага расізму і розныя формы дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце. У дачыненні да непісьменных цыганскіх маці сацыяльныя службы практыкуюць адабранне дзяцей з наступным змяшчэннем іх у дзіцячыя дамы, дзе яны перажываюць падвойны стрэс з-за страты сувязі з маці і таго, што ўсе вакол размаўляюць на чужой мове. У школе стаўленне да дзетак з цыганскіх сем’яў таксама часцяком перадузятае як з боку педагогаў, так і з боку беларускіх аднагодак. Зразумела, што ніякіх эфектыўных дзяржаўных праграм па інтэграцыі прадстаўнікоў народу рома ў беларускае грамадства не існуе ў прыродзе. Таму і далей у вачах сярэднестатыстычнага беларуса цыган выглядае як патэнцыйны злодзей і выкрадальнік дзяцей. Зрэшты, жыццё дарослых цыганоў таксама не мёд. Пры прыёме на працу, як мне распавядалі многія рэспандэнты, яны таксама ўвесь час сутыкаюцца з дыскрымінацыяй. “Калі размаўляеш з працадаўцам па тэлефоне, ён гаворыць, што ёсць вакансіі. А як толькі прыходзіш на сумоўе, адразу ў вочы кажуць, што месца занятае”, — шмат разоў даводзілася чуць мне падобныя гісторыі ад маладых беспрацоўных цыганоў. У такой сітуацыі ім нічога не застаецца рабіць, як збіраць металалом, паперу і іншую утыль-сыравіну. Час ад часу цыганы трапляюць у зводкі крымінальных хронік міліцыянтаў, але, як правіла, па дробных справах.

І вось у Беларусі здарылася надзвычайная сітуацыя з забойствам маладога інспектара ДАІ ў Магілёве. Па неафіцыйных каналах адразу прайшла інфармацыя пра тое, што да выкрадання і забойства афіцэра датычныя прадстаўнікі народу рома на аўтамабілі з расейскімі нумарамі. Маўляў, загінулы па вайберы паспеў даслаць арыенціроўку сваім калегам. І тут панеслася. У сацыяльных сетках узнялі хвалю мовы нянавісці нават прадстаўнікі дэмакратычных партый і рухаў. СМІ так і падалі гэтую неправераную інфармацыю з указаннем нацыянальнай прыналежнасці меркаваных забойцаў. Такое адчуванне, што сярод беларусаў няма крымінальнікаў, псіхапатаў і маньякаў. А айчынныя праваахоўнікі, паводле паведамленняў праваабаронцаў, зладзілі сапраўдны пагром цыганоў у Магілёве. Усіх дарослых мужчын і падлеткаў за адну ноч выхапілі з дамоў і пацягнулі на допыты. То бок, віна гэтых усіх людзей толькі ў тым, што яны – цыганы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ