Аншлаг на каляднай “Мове нанова” ў Берасці
У Берасці прайшлі апошнія ў гэтым годзе заняткі бясплатных курсаў беларускай мовы. Яны былі прысвечаны тэме „Каляды” і сабралі вялікую колькасць людзей.
Як прызналася адна з вядучых курсаў „Мова нанова” ў Берасці Вольга Малафеечава, арганізатары не чакалі такой актыўнасці на святы:
– Найбольшая колькасць людзей за ўвесь сезон – больш за 80 чалавек сёння прыйшло, людзі рознага ўзросту, і сталыя, і школьнікі, і маладыя сем’і з дзецьмі. Мы самі так задаволеныя, што было столькі людзей, нават і не ведалі, што з імі рабіць.
На калядных занятках „Мовы нанова” ў Берасці студэнты мелі магчымасць праверыць свае веды па беларускай мове, пагуляць у гульню ды атрымаць святочны падарунак. Цвіком праграмы было калядаванне, арганізаванае пры падтрымцы культурнага цэнтра „Грунтоўня”.
Наступныя заняткі бясплатных курсаў „Мовы нанова ў Берасці” плануюцца, 17 студзеня.
[Not a valid template]
Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара