У Гомелі прайшла сустрэча з Мікалаем Статкевічам
Каля паўсотні гомельцаў прыйшло на сустрэчу з экс-кандыдатам у прэзідэнты Мікалаем Статкевічам. Палітык распавёў прысутным пра стан рэчаў у беларускай дзяржаве і агучыў сваё бачанне стратэгіі апазіцыі на бліжэйшыя выбарчыя кампаніі. Паводле Мікалая Статкевіча, улада не пойдзе добраахвотна на дэмакратызацыю і гаспадарчыя рэформы.
– Нам трэба дамагчыся сумленных выбараў, выкарыстаўшы актывізацыю людзей. І па-другое, выкарыстаць як юрыдычны дах. Бо што такое нават іх выбары? Яны мусяць даваць нам магчымасць збірацца на сустрэчы з кандыдатам, на збор подпісаў. Вось гэтыя дзве магчымасці выкарыстаць для спробы арганізацыі масавага мірнага працяглага пратэсту. Вось гэта мэта майго вылучэння, і я гэтага не хаваю.
Мікалай Статкевіч заяўляе, што наяўнасць непагашанай судзімасці, якую ён атрымаў па справе арганізацыі масавых беспарадкаў у 2010 годзе, не перашкаджае яму зноў вылучаць кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах. Гэтае права, на думку палітыка, яму гарантуе Канстытуцыя.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель