Грамадзянін Славакіі хацеў правезці 80 кг псіхатропаў



Грамадзянін Славакіі затрыманы беларускімі пагранічнікамі пры спробе правезці больш за 80 кг псіхатропаў.

Як паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт, увечары 16 траўня на ўезд у Беларусь з Польшчы ў пункце пропуску „Дамачава” па „чырвонаму” каналу праходзіў афармленне аўтамабіль Volkswagen, за рулём якога быў 51-гадовы грамадзянін Славакіі. Падчас агляду пазадарожніка пагранічнікамі службовы сабака паказаў на магчымую наяўнасць наркатычных сродкаў.

Пры правядзенні паглыбленага надгляду ў газавым балоне выяўленыя пакеты з таблеткамі агульнай масай 70,2 кг, а ў парогах аўтамабіля — брыкеты з рэчывам белага і карычневага колеру агульнай масай 12,5 кг.

Паводле заключэння экспертаў, рознакаляровыя таблеткі ўтрымліваюць асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва „экстазі”. Узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 328-1 Крымінальнага кодэкса (незаконнае перамяшчэнне праз мяжу наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў). Рэчыва, якое было ў брыкетах, яшчэ праходзіць экспертызу.

Грамадзянін Славакіі затрыманы і змешчаны ў ІЧУ. У межах крымінальнай справы працягваюцца следчыя дзеянні.

belapan.by