„Белнафтахім” чарговы раз падвысіў цэны на аўтамабільнае паліва
Дзяржаўны канцэрн „Белнафтахім” 19 траўня чарговы раз падвысіў цэны на аўтамабільнае паліва. Падаражанне — трынаццатае з пачатку года.
Абгрунтоўваючы чарговае падвышэнне коштаў, „Белнафтахім” адзначае, што па стане на 17 траўня з пачатку 2019 года кошт расейскай нафты, якая пастаўляецца на беларускія НПЗ, вырас на 19,4%, а рознічныя цэны на маторнае паліва — у сярэднім на 7,8%.
„У адпаведнасці з прынятай канцэрнам палітыкай стрымлівання коштаў на аўтамабільнае паліва рознічныя цэны на АЗС з 19 траўня павялічваюцца на 1 капейку”, — адзначаецца ў паведамленні.
Кошт бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,56 рубля, АІ-95-К5-Еўра — 1,67 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,88 рубля, ДП — 1,67 рубля.
З-за росту кошту нафты для беларускіх НПЗ аўтамабільнае паліва ў Беларусі практычна штотыдзень падымаецца ў цане другі год. Сёлета „Белнафтахім” ужо дванаццаць разоў павышаў кошт паліва — штораз на капейку.
У Нацыянальным банку прыйшлі да высновы, што найбольш моцны негатыўны ўплыў на дынаміку спажывецкіх цэн у Беларусі мае рост кошту аўтамабільнага паліва.
„Гэта звязана з тым, што дадзены тавар не толькі непасрэдна ўваходзіць у склад спажывецкага кошыка (гэта значыць, мае прамое ўздзеянне), але і вядзе да павелічэння транспартных выдаткаў ва ўсіх вытворцаў тавараў і паслуг, што, у сваю чаргу, мае ўскосны націск і на свабодныя цэны, то бок на базавую інфляцыю”, — сцвярджаў начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Мурын у дакладзе на пашыраным пасяджэнні праўлення 24 красавіка.
„Акрамя таго, працяглае „капеечнае” павышэнне цэн фармуе ў спажыўца ўстойлівыя чаканні, што цэны пастаянна будуць расці. Высокая неаднастайнасць росту цэн на тавары і паслугі, а таксама тэмпы росту рэгуляваных цэн, якія стабільна перавышаюць заяўлены мэтавы ўзровень інфляцыі, абумоўліваюць павышаныя інфляцыйныя чаканні ў суб’ектаў эканамічных адносінаў”, — звяртаў увагу начальнік упраўлення.
Згодна з ацэнкамі Міністэрства фінансаў, з-за расейскага падатковага манеўру кошт літра паліва ў Беларусі да 2024 года можа вырасці да аднаго еўра (курс еўра цяпер складае 2,36 рубля).