У Віцебску з’явіўся новы „КвАРТал”



“КвАРТал” – гэта новы праект вулічнага мастацтва, які распачаўся 18 траўня з ініцыятывы Цэнтру культуры “Віцебск”.

У горадзе існуе шмат самадзейных калектываў, гатовых выступаць перад мінакамі, але мясцовыя ўлады не вітаюць выступы з уласнай ініцыятывы. І “КвАРТал” – гэта спроба кампрамісу: з аднаго боку, заяўкі на ўдзел могуць падаць усе ахвотныя, з другога – ёсць установа, якая праводзіць адбор выступоўцаў і дазваляе выступаць не ўсім.

Паводле абвешчаных правіл, вулічныя артысты змогуць выступаць штосуботы на пляцоўцы каля канцэртнай залы “Віцебск” . Першы «квАРТальны» веча прайшоў з удзела школы карнавальнай самбы і бразільскіх барабанаў Raccoon Batucada, тэатральнай студыі «Дом ветру», школы танцаў Dancing Fish, груп Boho, Syomi, De Puta Madre Banda. Гледачоў забаўлялі акторы моладзевага тэатру “Кола”, з якімі з задавальненнем фатаграфаваліся дзеці.

Публікі сабралася не вельмі шмат, і праграма была, што называецца, “на аматара”. Арганізатары абяцаюць надалей большую разнастайнасць выступоўцаў і мастацкіх жанраў. Плануецца, што “КвАРТал” будзе дзейнічаць да 1 верасня з перапынкам на час фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”.

Беларускае Радыё Рацыя