Леў Сапега з цяжкасцю “прабіваецца” ў Слонім
Канфлікт вакол помніка Льву Сапегу ў Слоніме працягваецца.
Дзве газеты, якія выдаюцца ў горадзе, паведамілі сітуацыю вакол помніка Льву Сапегу. Газета Слонімскага райвыканкама “Слонімскі веснік” быццам канфлікту не заўважыла. Яна напісала, што “з мэтай заключэння ў далейшым дамовы на выраб і ўстаноўку помніка Льву Сапегу ў адрас Слонімскага ЖКГ аддзелам архітэктуры і будаўніцтва Слонімскага райвыканкама 13 траўня былі накіраваны ўзгоднены эскізны праект устаноўкі помніка і схема прывязкі да яго на плошчы Леніна. Складзены графік выканання работ па вырабе і ўстаноўцы помніка, які павінен быць завершаны 25 жніўня бягучага года”.
“Газета Слонімская” ў сувязі з канфліктам вакол устаноўкі помніка Сапегі ў Слоніме паведаміла, што народны мастак Беларусі Іван Міско адзначыў тое, што грошы на помнік яшчэ не пералічаны, дамовы са скульптарамі не заключаны. Хаця эскіз помніка зацверджаны Саўмінам і Міністэрствам культуры. І даўно трэба было пачаць працу. Старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч запэўніў, што з Іванам Міско справы будуць уладжаны і помнік Льву Сапегу ўрачыста будзе адкрыты на плошчы Леніна ў Слоніме 1 верасня.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім