Беларусы масава бягуць з Расеі



Абвал расейскага рубля вымусіў многіх беларусаў, якія гадамі працавалі ў Расеі, шукаць сабе новае прымяненне, паколькі працаваць у Расеі становіцца нявыгадна. Аднак масавае вяртанне ў Беларусь тысячаў працоўных мігрантаў, паводле ацэнак экспертаў, можа стаць галаўным болем для беларускіх уладаў, паведамляе „Нямецкая хваля”

Эканамісты упэўненыя, што большая частка беларусаў, якія працуюць у Расеі, вернуцца назад, паколькі тое, што адбылося з расейскім рублём практычна ўдвая абясцэніла іх даходы. Некалькі дзён таму беларускія ўлады ўвялі камісійны збор у суме 30-ці адсоткаў на куплю замежнай валюты – эксперты ўжо назвалі гэта схаванай дэвальвацыяй. У такіх умовах, адзначаюць эканамісты, пакуль незразумела, якія заробкі будуць у тых жа будаўнікоў у Беларусі, а менавіта гэтыя спецыяльнасці цяпер найбольш запатрабаваныя ў Расейскай Федэрацыі.

Тым не менш, сітуацыя ў Беларусі падобная да сітуацыі ў Расеі, беларускія гастарбайтэры будуць шукаць іншыя месцы працы. Гэта можа быць Казахстан, Турцыя або іншыя краіны.