Раман Якаўлеўскі: Сямашку панізілі ў статусе
У выніку перастановак у вярхушцы ўдады, упершыню віцэ-прэм’ерам Беларусі стала жанчына – Наталля Качанава. Яна замяніла на гэтай пасадзе Анатоля Тозіка, вядомага сваімі неардынарнымі прапановамі і новаўвядзеннямі. А першым намеснікам прэм’ер-міністра прызначаны Васіль Мацюшэўскі. Раней гэтую пасаду займаў Уладзімір Сямашка.
На думку палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, гэта відавочнае паніжэнне ў статусе:
– Сямашка адказваў, я не ведаю ці адказвае цяпер за паліўна-энергетычную палітыку. Менавіта ён заўсёды ўзначальваў перамовы з “Газпрамам”, вось зніжэнне яго статуса сведчыць пра тое, што ў яго не ўсё атрымлівалася.
Прыгадаем, учора Лукашэнка адправіў у адстаўку прэм’ер міністра Міхаіла Мясніковіча і кіраўніка Нацбанка Надзею Ермакову. Таксама сваіх пасадаў пазбавіліся 4 міністры і 3 губернатары. Новым прэм’ерам стаў Андрэй Кабякоў, Адміністрацыю прэзідэнта ачоліў Аляксандр Косінец. Новыя кіраўнікі прызначаныя ў шэрагу міністэрстваў і дзяржаўных структур.
Беларускае Радыё Рацыя