Новы Балтыйска-Чарнаморскі звяз



Палітычнае жыццё ў суседзяў Беларусі апошні месяц кіпела напоўніцу. І літоўцы, і ўкраінцы выбіралі сабе кіраўніка дзяржавы. І ў адных, і ў другіх былы зышоў. Зышоў без кровапраліцця і ахвяраў сярод мірнага насельніцтва. Ды й сярод ваеннага таксама. Нельга сказаць, што зусім без бою абышлося, бо баі былі ой яшчэ якія, але выключна ў палітычным аспекце, без прымянення вогнепальнай і халоднай зброі. Нават да мардабою не дайшло. Ну што ж, украінцы выпакутавалі сабе такое права, на такія выбары. Ніхто ім яго не падарыў проста за “дзякуй”. Ды і літоўцы ў свой час яго адстаялі.

Калі ў Літве зыход дзеючага кіраўніка быў элементам абавязковым, бо Даля Грыбаўскайтэ вычарпала максімальны тэрмін, які дазваляе літоўская Канстытуцыя, то ўкраінцы маглі яшчэ пажыць з былым прэзідэнтам. Але не захацелі. Вырашылі, што знайшлі сабе лепшага. Так гэта ці не, пакажа час. Уладзімір Зяленскі, які прыйшоў на змену Пятру Парашэнку, яшчэ як палітык нічым не вызначыўся, акрамя як упэўненай перамогай на выбарах. Як сказала бы кіраўнічка ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына, каб гэтая перамога тычылася яе любімага палітыка, “перамога элегантная”. Больш чым семдзесят адсоткаў суайчыннікаў падтрымалі яго кандыдатуру. І адбылося гэта не толькі на вачах усёй Украіны і ўсяго свету, але і на яе ўласных вачах. Яна ж асабіста ездзіла паглядзець на ўкраінскія выбары. Праўда, анічога істотнага пра іх не расказала па вяртанні. Не падзялілася, як бы мовіць, сваімі ўражаннямі пра ўкраінскія выбары з народам Беларусі.

Прычыны такой гульні ў маўчанку збольшага зразумелыя. Проста яе любімы палітык прадказваў перамогу зусім іншаму кандыдату. А ён то памыляцца не можа. Бо чаго добрага за першай памылкай можна ненарокам і другую зрабіць. А гэта ўжо сістэма. А сістэму ў Беларусі мяняць ніхто не збіраецца. Ну не зусім ніхто, але кіраўнічка ЦВК дык дакладна. Таму лепш сціпла прамаўчаць.

Ну а што тычыцца ўкраінцаў, то як ім будзе не даспадобы новы прэзідэнт, то яны абяруць навейшага. Тэхніку справы ўжо ведаюць. Таму новы хіба што будзе старацца ўлічыць інтарэсы свайго электарату, пакуль той не стаў электаратам каго іншага. Хоць Уладзімір Зяленскі і так паабяцаў больш аднаго тэрміну не мазоліць вочы суайчыннікам. Маўляў, і аднаго тэрміну хопіць, каб рэалізаваць свае планы і вычарпаць усю павестку дзеля дабрабыту і моцы ўкраінскага народа. Ну а пасля хай хто іншы, з новымі сіламі і новымі ідэямі, абы на карысць пайшло. Ці нават хай Пятро Парашэнка вернецца пасля пэўнага перапынку, які пойдзе на асэнсоўванне памылак мінулага і перспектыў будучага. А ўкраінцы хай самы вырашаюць і набіраюцца і палітычнага досведу, і дэмакратычную традыцыю ўзмацняюць. Усё ж толькі пачынаецца.

Зрэшты, хочацца сказаць не толькі пра гэта. Вось яны, тры паслясавецкія краіны. Мы і нашы суседзі. Такія розныя адбыліся выбарчыя кампаніі ў Літве і Украіне. Розныя па ўсіх параметрах. І па тэхналогіях, і па прынцыпах. Пра ўнікальнасць нашай айчыннай выбарчай кампаніі і яе непадабенства да суседзяў я і не гавару. Ну ўсё не так як у іх. Акрамя адной дэталі, якая аб’ядноўвае ўсіх. І Літоўцаў, і Украінцаў, і Беларусаў. І гэтая маленькая дэталь з’яўляецца самай вялікай па тэрыторыі краінай. Усе баяцца, што Расея мае намер павялічыцца за кошт тэрыторыі суседзяў. А Расея ў сваю чаргу стараецца не расчараваць усіх іх у іхных страхах і ўвесь час пацвярджае праўдзівасць гэтых дагадак.

І вось тут кожны пачынае бараніцца па-свойму. Хтосьці ўцёк ужо ў НАТА, камусьці прыходзіцца нават ваяваць на усходзе сваёй айчыны, і ўсё з тае прычыны, што іх былыя кіраўнікі не пайшлі ў тое НАТА пакуль была мажлівасць, ну а хтосьці дастае апошнія козыры і ці то блефуе, ці то сапраўды верыць, што зможа даць адпор любому ў гэтым свеце, прычым па ўсіх кірунках, не выключаючы ні палітычнага, ні вайсковага.

Ну вось ён і вымаляваўся, той даўгачаканы і шматпакутны балтыйска-чарнаморскі звяз. Вымаляваўся з настолькі розных палітычных сістэм і лідараў, што самы яны аніяк не змаглі б паразумецца.

Але ўсходнія суседзі дапамагаюць паразумецца. І хутчэй за ўсё дамогуцца. А калі яшчэ заходнія падключацца, то дакладна.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ