Ці працягне ўмацоўвацца беларускі рубель?



Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб патлумачыў, чаму імкліва ўмацоўваецца нацыянальная валюта.

Сёння даляр і еўра працягваюць абнаўляць гадавыя мінімумы, паведамляе nn.by. На пачатку таргоў у Менску 21 мая даляр ЗША апусціўся на 0,0047 да 2,0772 беларускага. Еўра апускаецца на 0,0056 да 2,3179.

Вадзім Іосуб: Зараз беларускі рубель не проста вагаецца ў дачыненні да асобных валют, а ўмацоўваецца да ўсяго валютнага кошыка. Нярэдка бывае, што даляр і еўра зніжаюцца, а расейскі рубель расце, але зараз не той выпадак. Умацаванне ідзе да ўсіх трох валют. І гэта можа азначаць толькі адно – у Беларусі прапанова валюты ўстойлівае перавышае попыт.

РР: Чаму назіраецца такая тэндэнцыя?

Вадзім Іосуб: Калі паглядзець красавіцкую статыстыку Нацбанка, то бачна, што ў Беларусі другі месяц запар і прадпрыемствы, і фізічныя асобы з’яўляюцца чыстымі прадаўцамі валюты. І калі яны здаюць яе больш, чым купляюць, то па законах рынку валюта будзе таннець.

РР: Які далейшыя прагнозы? Рубель працягне ўмацоўвацца?

Вадзім Іосуб: Наўрад ці сённяшняя сітуацыя будзе вельмі ўстойлівай і доўгатэрміновай. Тэарэтычна беларускі рубель можа ўмацоўвацца да кошыка валют яшчэ некалькі месяцаў, але восенню, мяркую, усё зменіцца. Адаб’ецца і падаткавы манеўр, і гісторыя з бруднай нафтай, калі меркаваць, што хуткай кампенсацыі стратаў не будзе. У такім выпадку рубель пачне зніжацца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя