Уладзімір Падгол: Кандыдатам не хапае крэатыву



Філосаф Уладзімір Падгол распавёў пра тое, як дэмакратычныя кандыдаты павінны выкарыстаць наступныя парламенцкія выбары.

Нагадаем, што ў 2016 годзе Уладзімір Падгол прымаў удзел у парламенцкай кампаніі ад Партыі БНФ, але затым зняў сваю кандыдатуру.

Уладзімір Падгол: Нягледзячы на тое, што некаторыя заклікаюць не ўдзельнічаць у выбарах, прымаць удзел у кампаніі, на мой погляд, трэба абавязкова. Толькі не быць падчас гэтай кампаніі статыстам, а актыўна ў ёй удзельнічаць. Хаця папярэдняя кампанія парламенцкіх выбараў паказала, што актыўных было ўсяго некалькі чалавек.

РР: Многія будуць памятаць вашы выступленні на тэлебачанні ў шлеме танкіста альбо фотаздымкі на кані з амерыканскім сцягам…

Уладзімір Падгол: Калі памятаюць, значыцца мэты сваёй мы дасягнулі. Астатнія так званыя дэмакратычныя кандыдаты са сваіх кампаній утваралі нават анекдоты. Таццяна Караткевіч выходзіла на пікеты з тым, каб змагацца з баршчэўнікам, а Вольга Маёрава ад АГП выступала за прыняцце Закона аб абароне жывёл. Таму асабіста я называў такую апазіцыю “раслінна-жывёльнай”. Жывёлы і расліны – гэта таксама важна, але што, у краіне няма большых праблем?

А што тычыцца мяне, то я лічу, што правёў кампанію крэатыўна, хаця мяне затым і адлічылі з Партыі БНФ. Маўляў, я нанёс шкоду партыі, бо карыстаўся сцягамі Еўразвяза і ЗША.

Паўтаруся, падчас сваёй кампаніі мы хацелі данесці да людзей, што галоўнае сёння для краіны – абарона незалежнасці Беларусі. І, мяркую, здолелі гэта зрабіць, дзякуючы нашым нестандартным крокам. Таму і сёння хачу пажадаць тым людзям, якія будуць балатавацца ў парламент ад дэмакратычнай грамадскасці: “Пабольш крэатыву!”

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя