Адкрыццё выставы і абвяшчэнне пераможцаў конкурсу “Мары з-за кратаў”



Праваабарончы цэнтр “Вясна” падводзіць вынікі конкурсу мастацкіх работ зняволеных папраўчых устаноў і іншых месцаў несвабоды «Мары з-за кратаў», які быў абвешчаны напачатку гэтага года. За гэты час арганізатарам не зусім звычайнага конкурсу было даслана некалькі дзясяткаў цікавых і разнастайных па выяўленчым жанры працаў.

Адкрыццё выставы і абвяшчэнне пераможцаў конкурсу адбудзецца 23 траўня на пляцоўцы «Тэрыторыя правоў». У адкрыцці возьмуць удзел вядомыя праваабаронцы і мастакі.

Трое пераможцаў, якіх абярэ адмыслове журы, атрымаюць грашовыя прэміі. Работы будуць дэманстравацца на працягу месяца ў памяшканні кансультацыйна-інфармацыйнай установы па папулярызацыі прававой культуры «Тэрыторыя правоў»; выстава будзе адкрыта для бясплатнага наведвання.

У далейшым работы, якія паступілі на конкурс, будуць выкарыстаныя ў выставах, арганізатарам або суарганізатарам якіх будзе з’яўляцца ПЦ «Вясна» на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за мяжой.

Час: 23 траўня, 12:00.

Месца: «Тэрыторыя правоў», вул. Ложынская, 16, памяшканне 404 (ст. метро “Уручча”).

Паводле  прэс-рэлізу