Пачаўся збор сродкаў на беларусізацыю 3000 цэркваў праз спевы



На краўдфандынгавай платформе „Моламола” пачаўся збор сродкаў на беларусізацыю ўсіх цэркваў краіны праз выданне і распаўсюд 150 найлепшых беларускамоўных хрысціянскіх хітоў на mp-3 дысках, USB і праз QR-коды.

„У большасці праваслаўных і пратэстанцкіх цэркваў Беларусі, а таксама ў некаторых касцёлах не гучыць беларуская мова. Гэта робіць хрысціянскую супольнасць уразлівай перад расейскай прапагандай і аслабляе незалежнасць Беларусі,” – пішуць арганізатары.

„Мы выдадзім і бясплатна раздадзім 3.000 mp-3 дыскаў плюс QR-коды для спампоўвання ў сеціве і 300 USB-флэшак са 150 найлепшымі беларускамоўнымі хрысціянскімі спевамі розных канфесіяў у кожны прыход, парафію і грамаду Беларусі.  Зборнік таксама будзе размешчаны ў інтэрнэце для вольнага выкарыстання, праслухоўвання і спампоўкі для далейшага распаўсюду.

У Беларусі – каля 3000 царкоўных прыходаў, парафіяў, грамадаў. Ідэя ў тым, каб кожная праваслаўная, каталіцкая, пратэстанцкая грамада бясплатна атрымала калекцыю 150 найлепшых беларускамоўных хрысціянскіх спеваў – зборнік “Беларускі хрысціянскі хіт” у фармаце mp-3 з QR-кодам для спампоўвання альбо USB-флэшку. Будуць надрукаваныя інфармацыйныя паштоўкі і плакаты з QR-кодам для спампоўвання зборніка – ды перададзеныя ў хрысціянскія грамады для распаўсюду і размяшчэння на інфармацыйных стэндах.

З аднаго боку, гэта паспрыяе беларусізацыі цэркваў і больш высокай свядомасці ўсіх канфесіяў у служэнні народу Беларусі. З другога боку, цэрквы атрымаюць цэлы скарб спеваў праслаўлення, хрысціянскіх гімнаў, баладаў, спеваў на Раство, Вялікдзень ды іншыя святы. Па-трэцяе, зборнік, які мае міжканфесійны характар, паспрыяе супрацы і ладу паміж праваслаўнымі, каталікамі і пратэстантамі Беларусі,” – сцвярджае каманда праекту.

“Беларускі хрысціянскі хіт” — музычная серыя, якая была заснаваная ў 2008 годзе. На працягу дзесяці гадоў праваслаўны Павел Севярынец, пратэстантка Валянціна Шычко і каталічка Вольга Севярынец сабралі і выдалі больш за 150 найлепшых беларускіх хрысціянскіх спеваў. Спярша былі «Хрысціянскія гімны» (2008), «Хіты праслаўлення» (2009), зборнік калядных хітоў «Хрыстос нарадзіўся!» (2009), велікодных «Хрыстос уваскрос!» (2010), складанкі «Бардаўскі хрысціянскі хіт» (2010) і «Беларускі пілігрымскі хіт» (2014), затым – альбом патрыятычных хітоў “Люблю Беларусь” (2016) і «Беларускі хрысціянскі рок” (2018).

Канцэпцыя серыі была простая: найлепшыя хрысціянскія спевы розных канфесіяў па-беларуску. Кожны дыск пачынаўся беларускім духоўным гімнам «Магутны Божа» ў розных выкананнях, большасць заканчвалася спеўнай малітвай «Ойча наш». Для кожнага зборніка папярэдне набіралася 30—40 кампазіцыяў, з якіх фокус-групы (супольнасці вернікаў па 7-10 чалавек з розных рэгіёнаў) адбіралі 20 найбольш моцных.

У «Беларускім хрысціянскім хіце» ўдзельнічаюць Зміцер Вайцюшкевіч і Вінсэнт, Алеся Ўнукоўская і “Тэзаўрус”, “Небасхіл” і “Laudans”, Інэса Леаданская і Андрусь Мельнікаў, “Псальмяры” і “DVA”, Ганна і Ядвіга Багдановічы, Вадзім Яткоўскі і “Рыбы”, а таксама шмат іншых вядомых выканаўцаў.

Сярод аўтараў тэкстаў “Беларускага хрысціянскага хіта” – Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Янка Купала, Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш, Лявон Вольскі.

Запрашаем падтрымаць!

bchd.info