Аўстрыя і Францыя пакідаюць элітны дывізіён ЧС па хакеі



Аўстрыйская дружына правяла напружаны паядынак супраць Італіі. У абедзвюх каманд пасля шасці праведзеных матчаў не было набраных ачкоў, і ў вочным процістаянні яны высвятлялі, хто зойме шостае месца ў групе В і пакіне топ-дывізіён. Мацнейшымі былі італьянцы.

Асноўны час гульні завяршыўся ўнічыю – 3:3, у авертайме закінутых шайбаў не было, а серыю булітаў лепш выканала „Скуадра Адзура”.

Турнірнае становішча групы В: Расея – 18 (6), Чэхія – 15 (6), Швецыя – 15 (6), Швейцарыя – 12 (6), Латвія – 6 (6), Нарвегія – 6 (6), Італія – 2 (7), Аўстрыя – 1 (7).

Раней зборная Францыі нечакана саступіла Вялікабрытаніі (3:4 у авертайме) і цяпер таксама пакіне клас мацнейшых.

Упэўнена ў групавой стадыі выступае зборная Канады, якая нанесла паразу Даніі (5:0), здабыўшы пятую перамогу на турніры.

Турнірнае становішча групы А: Фінляндыя – 16 ачкоў (6 матчаў), Канада – 15 (6), ЗША – 14 (6), Германія – 12 (6), Славакія – 9 (6), Данія – 5 (6), Вялікабрытанія – 2 (7), Францыя – 2 (7).

У класе мацнейшых у наступным годзе хакеістаў Францыі і Аўстрыі заменяць зборныя Казахстана і Беларусі.

Чэмпіянат свету ў Славакіі прадоўжыцца матчамі Фінляндыя – Германія, Чэхія – Швейцарыя, Славакія – Данія, Нарвегія – Латвія, Канада – ЗША і Расея – Швецыя.

belta.by