Сланімчанка прапануе мясцовым чыноўнікам сесці за “круглы стол”



Вядома, што будучае любога раёна залежыць найперш ад працы мясцовых органаў улады і актыўнага ўдзелу несельніцтва ў жыцці раёна. На вялікі жаль, грамадская актыўнасць простых людзей у апошні час у Беларусі амаль знікла. Людзі выжываюць кожны сам па сабе. І кожны найперш думае пра ўласную сям’ю, а не пра сваю краіну ці свой горад, вёску, пасёлак, дзе ён жыве.

Старшыня слонімскага грамадскага аб’яднання ўстойлівага развіцця “Мінолс” Валянціна Бераснява звярнулася з лістом да старшыні Слонімскага райвыканкама Генадзя Хоміча з прапановай правесці ў Слоніме “круглы стол” з прадстаўнікамі мясцовай улады, сябрамі грамадскіх арганізацый і грамадскіх ініцыятываў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Слонімскага раёна.

“Правядзенне “круглага стала” будзе садзейнічаць далучэнню мясцовага грамадства да распрацоўкі і рэалізацыі ініцыятываў па паляпшэнню жыцця ў рэгіёне, павышэнню якасці кіравання, пашырэнню дыялога паміж уладай, бізнэсам, некамерцыйнымі арганізацыямі і грамадзянамі для сумеснага вырашэння лакальных праблемаў”, — паведамляе сланімчанка Валянціна Бераснява ў лісце да Генадзя Хоміча. Цяпер жанчына чакае адказу.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім