“Басовішча” – месца сустрэчы сяброў
19-20 ліпеня 2019 года каля Гарадка, што на Беласточчыне, адбудзецца ХХХ юбілейны фестываль “Басовішча”. На фэст збіраюцца беларусы з розных гарадоў Беларусі ды іншых краін.
Кажа Сяргей Верамеенка з гарадзенскай крамы “Адметнасць”:
– Гэта не толькі фестываль, але і мажлівасць сустрэцца людзям па абодва бакі мяжы, ды не толькі. Калі я быў на фестывалі, то памятаю, што прыязджалі таксама з Украіны, нават з далёкага замежжа, з ЗША. Калі яго не будзе, калі фестываль не будзе працягвацца, то, канешне, будзе вельмі-вельмі шкада. Гэты фестываль – месца збору людзей-аднадумцаў, вольных людзей. І ўвогуле гэта цудоўная пляцоўка, каб расслабіцца, сустрэцца, пагаварыць, штосьці паглядзець, цікавыя фільмы ці імпрэзы.
Падчас сёлетняга «Басовішча» адбудуцца выступы Лявона Вольскага, будуць спяваць гурты «Крама», «Дзецюкі», NaviBand, Re1ikt, Znich.
На ХХХ “Басовішча” грошы збіраюць праз краўдфандынг.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня