Прэмія Шэрмана абвяшчае чацвёрты сезон
Распачаўся прыём заявак на прэмію імя Карласа Шэрмана. Прэмія ўручаецца за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову.
Сёлета будуць вызначаны лаўрэаты ў трох намінацыях: “Пераклад прозы”, “Пераклад паэзіі”, “Пераклад дзіцячай кнігі”. Пераможца ў кожнай намінацыі атрымае грашовы прыз у 3000 беларускіх рублёў.
Удзельнічаць у конкурсе могуць пераклады мастацкіх кніг на беларускую мову, выдадзеныя ў папяровым або электронным варыянце ў 2018 годзе.
Падаць заяўку і намінаваць кнігу на прэмію могуць перакладчыкі, выдаўцы, творчыя аб’яднанні, аргкамітэт прэміі і сябры журы. Пераможцу вызначаць прафесійныя перакладчыкі і літаратуразнаўцы, склад журы будзе вядомы неўзабаве.
Каб падаць заяўку, трэба запоўніць форму, далучыць электронную pdf-версію выдання. Калі кніга выдавалася ў папяровым выглядзе, папяровыя асобнікі (у колькасці ад 2 да 7 кніг) трэба перадаць у Саюз беларускіх пісьменнікаў (Менск, вул. Кузьмы Чорнага, 31, пакой 906, тэлефон +375 17 354 80 91, з 11 да 18 гадзінаў у працоўныя дні). Заяўкі прымаюцца да 14 чэрвеня.
Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана.
Заснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Дабрачынны фонд “Вяртанне”.
У 2018 годзе лаўрэаткай прэміі імя Карласа Шэрмана стала Вера Бурлак за пераклад кнігі Льюіса Кэрала “Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса”. Раней прэмію атрымлівалі Андрэй Хадановіч і Якуб Лапатка.
Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook, на сайтах арганізатараў, задаць пытанні можна, напісаўшы на адрас: konkurs.pierakladau@
Паводле прэс-рэлізу