Патрабуюць адмены пастановы №49 Саўміна Беларусі (абноўлена)



Адмены пастановы №49 Саўміна Беларусі працягваюць дамагацца прадстаўнікі шэрагу апазіцыйных партый і арганізацыяў. Яна прадугледжвае, што арганізатары масавых мерапрыемстваў абавязаны дадаткова аплочваць, так званыя, паслугі міліцыі і некаторых іншых службаў.

Хаця на дзейнасць гэтых службаў ужо ідуць падаткі, якія плацяць грамадзяне краіны. Па меркаванню старшыні Руху „За свабоду” Юрася Губарэвіча, патрабаваць дадатковых грошай неканстытуцыйна. Гэта парушае правы практычна кожнага грамадзяніна Беларусі.

– Людзі маюць, гарантаванае Канстытуцыяй, права на пратэст. Аднак на практыцы не могуць яго рэалізаваць, бо, мала таго, што цяжка атрымаць дазвол на нейкую акцыю, але яшчэ трэба заплаціць непад’ёмныя сумы супрацоўнікам міліцыі. Фактычна гэта таксама ёсць абмежаваннем і па маёмастнай прыкмеце, то-бок, тыя людзі, якія ў Беларусі пацярпелі, напрыклад, ад страчаных укладаў, альбо ад таго, што яны засталіся ні з чым, будучы дольшчыкамі пры нейкім будаўніцтве, і не маюць грошай, то яны вымушаны маўчаць і сядзіць ціхенька, бо калі не маеш грошай, то сядзі ціха і не вытыркайся.

Па меркаванню Юрася Губарэвіча, гэта абмежавальная мера была прынята, каб перашкодзіць у першую чаргу апазіцыі. Аднак яна рыкашэтам ударыла па розных сегментах грамадства.

„Таму праз звароты ў суд, у Савет міністраў, праз збор подпісаў мы дамагаемся, каб гэтая пастанова была скасаваная”, – кажа Юрась Губарэвіч.

Па словах сустаршыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Вольгі Кавальковай, ёсць некалькі шляхоў, каб адстаяць канстытуцыйнае права на мірныя пратэсты і абараніць грамадзянаў ад дадатковых пабораў.

– Мы падрыхтавалі зварот у Савет Міністраў і збіраем подпісы пад гэтым зваротам, а таксама мы вядзем перапіску з усімі дзяржаўнымі органамі ўлады, у першую чаргу з Саветам Міністраў і Міністэрствам юстыцыі таксама. Зараз падрыхтаваны зварот у Саўмін і Палату Прадстаўнікоў, каб яны прапанавалі Канстытуцыйнаму суду ініцыяваць праверку канстытуцыйнасці пастановы нумар 49. І таксама другі зварот ад грамадзян, каб Кастытуцыйны суд пачаў справу аб выключэнні прабелаў у тых нарматыўных прававых актах.

Акрамя пастановы №49, гэта Закон „Аб масавых мерапрыемствах”, — удакладняе Вольга Кавалькова.

Прадстаўнікі апазіцыі плануюць сустрэчы ў Савеце Міністраў, каб данесці сваю пазіцыю адносна пастановы №49. Таксама ў судзе будуць абскарджаны рашэнні, прынятыя адносна арганізатараў Дня Волі ў Менску. Па словах Вольгі Кавальковай, калі юрыдычныя прававыя шлях ў Беларусі не дадуць выніку, адпаведная скарга будзе накіравана ў Камітэт па правах чалавека ААН, — сказала Вольга Кавалькова.

Беларускае Радыё Рацыя