Анатоль Лябедзька: Лукашэнка спрабуе пагуляць у антыкарупцыйнай нішы



Генеральны пракурор Аляксандр Канюк заявіў, што антыкарупцыйны дэкрэт № 3 будзе „стрымліваць службовых асобаў ад здзяйснення злачынных дзеянняў”. Новы дакумент ён прадставіў у Палаце прадстаўнікоў. У якасці меры па далейшай барацьбе з карупцыяй Генпракуратура прапануе ўвесці абавязковую публікацыю дэкларацый аб даходах чыноўнікаў.

Каментуе палітык Анатоль Лябедзька:

– З формаў гэтага кантролю – гэта натуральна дэкларацыі, якія запаўняе чыноўнік і чальцы яго сям’і. Гэта такая сусветная практыка . Чаму яна атрымалася за межамі беларускага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі – гэта пытанне да беларускіх уладаў. Думаю, што проста завершаны перыяд першапачатковага накаплення капіталу. Зараз ужо, калі асноўныя палітычныя гульцы, а там лаўка такая, што там ніхто нічога не мяне, ужо завяршылі гэты працэс, зараз ужо можна, каб наступныя, хто прыходзіць, дэкларавалі.

У адпаведнасці з дэкрэтам асуджаных за карупцыйныя злачынствы не будуць вызваляць умоўна-датэрмінова, а не адбытая частка пакарання не будзе замяняцца на больш мяккую. Грамадзяне, якія адбываюць пакаранне за карупцыю, змогуць датэрмінова вызваліцца з месцаў пазбаўлення волі толькі праз памілаванне кіраўніком дзяржавы. І гэта таксама не дапаможа перамагчы карупцыю, кажа Анатоль Лябедзька:

– Яшчэ адно прызначэнне гэтых захадаў – гэта канешне такі перадвыбарчы акт. Зараз ідзе перадвыбарчая кампанія і Лукашэнка спрабуе яшчэ раз пагуляць у гэтай антыкарупцыйнай нішы. Таму гэта галоўная місія гэтага юрыдычнага акту, не больш за тое. Лукашэнка  сам стварыў гэтую сістэму і карупцыя тут вырастае, як шклоўскія агуркі.

Паводле генпракурора Аляксандра Канюка, па ўлічаных карупцыйных злачынствах усталяваная матэрыяльная шкода ў суме 22 мільёны рублёў, якая пакрытая ў суме 11,5 мільёнаў. Штогод выкрываецца каля 2 тысяч карупцыйных злачынстваў, да адказнасці прыцягваецца каля тысячы службовых асобаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя