Даклад ЕЗ: У 2018 годзе сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшылася



У 2018 годзе сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшылася, гаворыцца ў дакладзе ЕЗ, прысвечаным правам чалавека ў свеце.

„Найбольш рэпрэсіўныя законы, якія абмяжоўваюць правы чалавека, не былі змененыя, — адзначаюць аўтары даклада ў раздзеле пра Беларусь. — Дзейнасць незарэгістраваных арганізацый была дэкрыміналізаваная, але за яе ўвялі штрафы ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Працэс рэгістрацыі арганізацый застаецца надзвычай складаным”.

Сур’ёзным абмежаваннем свабоды асацыяцый у дакладзе называюць патрабаванні ўладаў аб абавязковай рэгістрацыі замежнага фінансавання.

У дакуменце адзначаецца, што ў Беларусі так і не быў створаны інстытут упаўнаважанага па правах чалавека, не было зроблена сур’ёзных захадаў па выкананні Нацыянальнага плана па правах чалавека, які ўрад прыняў яшчэ ў 2016 годзе.

Акрамя таго, у 2018 годзе ў Беларусі працягвалі прымяняць смяротнае пакаранне: былі вынесеныя два смяротныя прысуды і пакараныя чатыры чалавекі па раней вынесеных прысудах. „Тым не менш беларускія ўлады прымаюць удзел у публічных дыскусіях па праблеме смяротнага пакарання”, — гаворыцца ў дакладзе.

Яго аўтары адзначаюць, што мясцовыя выбары, якія прайшлі ў Беларусі ў лютым 2018 года, „не адпавядалі ключавым міжнародным стандартам даверу, інклюзіўнасці і празрыстасці”. Праца заснаванай прэзідэнтам экспертнай групы па вывучэнні рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ была прыпыненая, змены ў Выбарчы кодэкс у мінулым годзе не ўносіліся.

Адной з асноўных праблем у дакуменце названы шматлікія выпадкі затрыманняў апазіцыйных актывістаў, праваабаронцаў, прадстаўнікоў прафсаюзаў і журналістаў і накладання на іх штрафаў. „Некалькі гучных спраў — „справа БелТА” супраць журналістаў шэрагу недзяржаўных СМІ і абвінаваўчыя прысуды лідарам незалежнага прафсаюза РЭП — выклікалі негатыўную рэакцыю міжнароднай супольнасці”, — гаворыцца ў дакладзе.

Яго аўтары таксама адзначаюць, што ў 2018 годзе паведамлялася аб некалькіх выпадках дыскрымінацыі па прыкмеце сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці, у тым ліку запалохвання, гамафобныя выказванні, распальванне нянавісці і гвалт у дачыненні да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці. У той жа час станоўчым названы факт рэгістрацыі ў сакавіку 2018 года арганізацыі ЛГБТКІ-супольнасці Outcloud/Makeout.

У мінулым годзе, гаворыцца ў дакладзе, беларускія ўлады больш актыўна абмяркоўвалі з ЕС тэму правоў чалавека, у тым ліку падчас дыялогу па правах чалавека, пасяджэнняў каардынацыйнай групы Беларусь — ЕС, а таксама шэрагу фінансаваных ЕЗ у Беларусі праектаў.

Аўтары дакумента канстатуюць, што ЕСЗпадвоіў фінансавую дапамогу Беларусі. За 2014—2018 гады выдзелена больш за 120 млн еўра. У 2019—2020 гадах плануецца выдзеліць яшчэ 53—77 млн еўра ў рамках Еўрапейскага інструмента суседства. Акрамя таго, Беларусь атрымлівае фінансаванне ў рамках Еўрапейскага інструмента садзейнічання правам чалавека і дэмакратыі (3 млн еўра ў 2018—2020 гадах) і падтрымкі грамадзянскай супольнасці (5 млн еўра ў 2018—2020 гадах).

У дакладзе ўказана, што са згоды беларускіх уладаў з лета мінулага года ў офісе ААН у Беларусі працуе саветнік па правах чалавека.

belapan.by