Былы прэм’ер Чыгір дае парады новаму прэм’еру Кабякову
Былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір пракаментаваў змены ва ўрадзе і даў парады “калегу” – новаму кіраўніку беларускага ўрада Андрэю Кабякову.
Міхаіл Чыгір лічыць, што ўсё будзе залежыць ад таго, ці стане Кабякоў нешта рабіць, каб змяніць сітуацыю. “Але ў гэтым плане я песіміст”, – кажа былы прэм’ер.
РР: Чаму?
Міхаіл Чыгір: Таму што лічу, што Андрэй Кабякоў не гатовы настойваць на радыкальных зменах і дабівацца правядзення іх у жыццё. Не я так лічу, а спецыялісты сцвярджаюць, што ў Беларусі падаткавы прэс мацнейшы ў два разы ў параўнанні з Казахстанам і ў паўтары – чым з Расеяй. Адкуль брацца канкурэнтаздольнасці? Каб гэта прыбраць, трэба скарачаць бюджэтныя выдаткі. Гатовы да гэтага Кабякоў? Хацелася б верыць, але верыцца слаба. Прэм’ер павінен разумець, што неабходна рабіць, хоць рабіць гэта вельмі складана і праблематчына.
РР: У чым вам бачацца памылкі Мясніковіча?
Міхаіл Чыгір: Паўтаруся, прэм’ер павінен не проста займаць пасаду, а нешта змяняць. Не здольны на гэта чалавек – усё застанецца па-ранейшаму. Будзе расці знешнеэканамічны дысбаланс, затым ізноў – дэвальвацыя, і так – па замкнёным коле… Праграма імпартазамяшчэння была пустой і ні да чаго не прывяла. Ніхто нічога талковага не зрабіў. Паглядзім, на што здольны новы ўрад. Адзінае, што мяне радуе, дык гэта прызначаны кіраўнік Нацбанка Павел Калавур – ён на самай справе дасканала ведае фінансавую справу.
РР: Якія рысы новага прэм’ера вам імпануюць?
Міхаіл Чыгір: Мяркую, што Андрэй Кабякоў мае большы ўплыў на прэзідэнта, чым Міхаіл Мясніковіч. І, калі будзе ведаць, што трэба рабіць, то яго ініцыятывы хутчэй рэалізуюцца.
РР: Што б вы яшчэ параілі Кабякову?
Міхаіл Чыгір: Я б вельмі шмат чаго мог яму параіць – цэлую праграму мог бы напісаць. Але лепш пачакаю…
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота belapan.com