Румас накіраваўся ў Маскву на перамовы з Мядзведзевым



Прэм`ер-міністры Беларусі і Расеі Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў правядуць 24 мая перамовы ў Маскве, паведамілі БелаПАН у прэс-службе беларускага ўрада.

Румас, які ўжо накіраваўся ў расійскую сталіцу, сустрэнецца з расійскім калегам у фармаце сам-насам і правядзе перамовы ў пашыраным складзе. У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі таксама віцэ-прэм`еры Ігар Ляшэнка і Ігар Петрышэнка, міністр эканомікі Дзмітрый Крутой, міністр фінансаў Максім Ермаловіч.

21 мая Румас паведаміў журналістам, што на перамовах з Мядзведзевым плануе абмеркаваць сітуацыю з няякаснай расейскай нафтай. „Створаная рабочая група, учора старшыня канцэрна „Белнафтахім” вярнуўся з Расійскай Федэрацыі, раніцай дакладваў, што з Расіяй практычна ўзгодненая дарожная карта. І некаторыя яе пункты ўжо выконваюцца абодвума бакамі, нягледзячы на тое што яна яшчэ не фармалізаваная, — сказаў ён. — У гэтай дарожнай карце змяшчаецца ўвесь пералік мер, які дазволіць, па-першае, вырашыць пытанне адпампоўкі з труб некандыцыйнай нафты і аднавіць транзіт у бок Заходняй Еўропы. Другі блок пытанняў — гэта кампенсацыя Беларусі ў сувязі са стратамі, панесенымі ў выніку гэтага інцыдэнту. Але сёння асноўная задача — гэта вызваліць транзіт, каб Беларусь магла атрымліваць плату за транзіт нафты, які ідзе праз яе тэрыторыю”.

Паводле інфармацыі прэс-службы ўрада РФ, прэм`ер-міністры абмяркуюць „актуальныя пытанні расійска-беларускага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы”, а таксама „пытанні інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў рамках Саюзнай дзяржавы і Еўразійскага эканамічнага саюза”.

Прэс-сакратар Мядзведзева Алег Восіпаў 21 мая удакладніў ТАСС, што будуць абмяркоўвацца пытанні завінавачанасці Мінска перад Масквой ад рэалізацыі незаконнай схемы „з пастаўкамі розных нафтапрадуктаў на экспарт пад выглядам растваральнікаў, якая дзейнічала ў 2011—2012 гадах, а таксама праблемы вакол паставак расійскай нафты неналежнай якасці па трубаправодзе „Дружба”.

Няякасная расійская нафта пачала паступаць па трубаправодзе ў красавіку. З-за забруджанай хлорарганікай сыравіны на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяванне. Неўзабаве транзіт нафты ў Еўропу па нафтаправодзе „Дружба” быў спынены цалкам. Пастаўкі чыстай нафты на тэрыторыю Беларусі аднавіліся ў пачатку мая.

Беларусь разлічвае на кампенсацыю шкоды ад паставак і транзіту „бруднай” нафты. 11 мая Лукашэнка заявіў, што з-за паставак няякаснай расійскай нафты Беларусь страціла „велізарныя грошы” — сотні мільёнаў долараў. Паводле ацэнкі беларускіх спецыялістаў, недаатрыманая выручка ад рэалізацыі нафтапрадуктаў у красавіку склала 108 млн долараў, а ўрон ад пашкоджанага абсталявання Мазырскага НПЗ — прыкладна 30 млн долараў. У сваю чаргу міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак заявіў, што агульная шкода ад забруджвання нафты ў трубаправодзе „Дружба”, хутчэй за ўсё, не перавысіць 100 млн долараў.

Перамовы аб кампенсацыі шкоды вядуцца ўжо некалькі тыдняў, бакі ўзгаднілі праект дарожнай карты па ўрэгуляванні сітуацыі з пастаўкамі нафты, а таксама стварылі працоўную групу па ацэнцы шкоды і вызначэнні спосабаў кампенсацыі.

belapan.by

Фота SPUTNIK Беларусь