„Экстрэмізм” 9-гадовай даўніны



Беларуская Феміда ў бліжэйшы час зможа пахваліцца тым, што ў яе калекцыі самых абсурдных справаў паболее яшчэ на адну. У дачыненні да беларускага паэта і пісьменніка Славаміра Адамовіча распачаты адміністрацыйны працэс па факце распаўсюду экстрэмісцкай прадукцыі. У дадзеным выпадку гаворка ідзе не пра наўмыснае змяшчэнне ў сацсетках альбо ў медыйнай прадукцыі сімвалаў NSDAP, SS і іншых злачынных фармаванняў нацыстоўскай Нямеччыны ці якіх-небудзь іншых сімвалаў, унесеных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пухавіцкія міліцыянты разглядзелі замах на грамадскі парадак і мараль у караценькім апавяданні Славаміра Адамовіча, якое выйшла на старонках літаратурнага дадатку газеты “Новы Час” ажно ў 2010 годзе. Літаратуразнаўцы ў пагонах не паленаваліся ўзняць архіў выдання, каб прыцягнуць за вушы свае ацэнкі. Гэтая падзея па ўзроўні абсурднасці прэтэндуе на званне самай кур’ёзнай адміністрацыйнай справы 2019 года ў Беларусі.

Калі ж падыходзіць да сітуацыі з пазіцыі аналізу, то тут напрошваюцца некалькі высноваў. Па-першае, Славамір Адамовіч, вядомы сваімі эксцэнтрычнымі паводзінамі і выказваннямі, знаходзіцца пад жорсткім кантролем міліцыянтаў. Відавочна, за асабістым жыццём і, як аказалася, за ягонымі творчымі поспехамі сочаць таварышы з органаў, якія шукаюць любыя зачэпкі для прэсінгу ў дачыненні да пісьменніка. Зрэшты, у такой увазе ўладаахоўнікаў да творцы ёсць і пазітыў. Многія беларусы, якія дагэтуль не чыталі апавядання “Ніколі не пытайся, адкуль я”, пачалі гугліць назву тэкста, пачыталі яго. А сам пісьменнік, імя якога асацыявалася да нядаўняга з некалькімі гучнымі скандаламі, атрымаў рэнамэ рэпрэсаванага за літаратуру. Увогуле, калі адкінуць усе гэтыя разважанні, то зразумелым становіцца адно: нехта з міліцэйскіх начальнікаў вырашыў паправіць сваё матэрыяльнае становішча за кошт навешванне цэтліка “экстрэміст” на беларускага літаратара. Але нават у сярэднетэрміновай перспектыве такая спроба заслужыць падвышэнне альбо атрымаць прэмію выглядае сумнеўнай. У вачох праваабаронцаў, СМІ, міжнародных арганізацый Славамір Адамовіч будзе адназначна выглядаць пацярпелым, а вось беларуская міліцыя зноў прабівае дно.

Па-другое, пераслед Славаміра Адамовіча за “распаўсюд” экстрэмізму паказвае, што беларускія праваахоўнікі паставілі на паток практыку рэпрэсій супраць грамадзян, адвольна інтэрпрэтуючы сваё ж заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму. З паведамленняў СМІ вынікае, што прыцягненне беларусаў за размяшчэнне тых ці іншых матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі ў кулуарным парадку, выйшла на шырокі ўзровень. Калі раней ціснулі на анархісцкіх актывістаў, апазіцыянераў альбо тых, хто размяшчаў тую ці іншую сімволіку па неасцярожнасці, то цяпер узяліся практычна за ўсіх. Няма гарантыі, што ў дачыненні да любога грамадзяніна яны не выкарыстаюць такую ж меру. Напрыклад, гадоў 10 таму нехта паставіў “лайк” пад матэрыялам, які пазней быў унесены ў спіс экстрэмісцкай прадукцыі. Для беларускіх праваахоўнікаў не складзе праблемы скласці пратакол па факце распаўсюду заднім чыслом.

Па-трэцяе, улады Беларусі не надта пераймаюцца пытаннямі свайго іміджу, калі нават на фоне будучых Еўрапейскіх гульняў адбываюцца ганебныя інцыдэнты з ціскам на цыганскую абшчыну альбо выпадкі непрыхаванай палітычнай цэнзуры.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ