Беларусы з Варшавы наведалі Беласток
Беларусы з Варшавы наведалі Беласток. Эмігранты з Беларусі, якія сёння жывуць у Варшаве, імкнуцца, каб іх дзеці не забыліся на свае беларускія карані. Некалькі гадоў таму намаганнямі бацькоў дзеці беларускіх эмігрантаў у Варшаве пачалі вывучаць беларускую мову. А цяпер яны наведалі Беласток, каб пазнаёміцца бліжэй з беларусамі, беларускай гісторыяй і культурай Падляшша.
Кажа старшыня бацькоўскай рады Уладзімір Міхневіч:
– Асобы, якія прыехалі ў Варшаву як ужо дарослыя, яны сутыкнуліся з поўнай адсутнасцю беларускага асяроддзя. Іх дзеці беларускую мову ў сем’ях не называюць беларускай, а называюць мова мамы і таты. А мы хацелі паказаць, што гэта не мова мамы і таты, а гэта мова, якая функцыянуе ў іншай плоскасці. То-бок, мова нейкіх перыядычных выданняў, мова радыёстанцыяў, мова выкладання ў школе. Напэўна, першым крокам, які мы зробім, – возьмем удзел у беларускіх конкурсах музыкі, якія арганізоўваюць мясцовыя беластоцкія школы. Яны нас ужо запрасілі.
У час візіту госці з Варшавы пазнаёміліся з беларускімі старонкамі гісторыі Беластоку, наведалі школы з вывучэннем беларускай мовы, рэдакцыі тыднёвіка “Ніва” і Радыё Рацыя.
Новы візіт у Беласток варшаўскіх беларусаў, што вывучаюць беларускую мову, запланаваны на восень.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі