Вынікі году: Беларуская нацыянальная меншасць у Польшчы



“Адзначаецца разнастайнасць дзейнасці беларускай нацыянальнай меншасці, цяпер галоўнае, каб гэтая дзейнасць спрыяла пашырэнню беларускасці і зацікаўленню словам чытаным і пісаным”, – адзначае старшыня праграмнай рады тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва” Яўген Вапа.

Міністэрства адміністрацыі і лічбавізацыі Польшчы агучыла датацыі на 2015 год для нацыянальных ды этнічных меншасцяў.

На нашым Беларускім Радыё Рацыя з гэтых датацый ажыццяўляецца падрыхтоўка дзевяці аўтарскіх праграмаў.

“Праўда, у наступным годзе гэтае фінансаванне будзе ў меншым аб’ёме”, – адзначае праграмны дырэктар нашага радыё Юры Ляшчынскі:

– У надыходзячым годзе 2015 Радыё Рацыя атрымала з Міністэрства адміністрацыі і лічбавізацыі Польшчы крыху менш сродкаў. Калі два гады таму гэта было 250 тысяч, летась 239 тысяч, у надыходзячым годзе будзе толькі 200 тысяч. Гэта значыць, што на 1, 5 менш. Што ж… Яшчэ не ведаем, што гэта абазначае для перадачаў. Але галоўныя перадачы, якія карыстаюцца папулярнасцю ў слухачоў, напэўна, застануцца. На Беларускім Радыё Рацыя дагэтуль фінансавалася з Міністэрства адміністрацыі 9 перадачаў: Прыродная аптэка, Культурнае Бязмежжа, Краязнаўчыя кропкі, З Падляшша родам, Падляшскі тыдзень, Падляшскі канцэрт пажаланняў, Маладзёвая перадача і Казкі малышам.  

 Яўген Вапа, старшыня Праграмнай Рады тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”

– Квота не збольшваецца. Мы ад 6-7 гадоў мелі адваротную з’яву. Сродкі на тыднёвік “Ніва” зменшваліся катастрафічна. Маем вялікія цяжкасці з выдаваннем газеты на наступны год. Гэтыя сродкі не дазваляюць расхінуць крылы, думаць пра новы дызайн.

 Тамаш Ціханюк, Дырэктар Беларускага музею ў Гайнаўцы:

– На шчасце ў гэтым годзе нам удалося атрымаць грошы на рамонт і маглі развіваць дзейнасць Беларускага музею ў Гайнаўцы.

 Янка Сычэўскі, Старшыня Беларускага Грамадска-культурнага Таварыства:

 – Маем такую сітуацыю, што некаторыя мерапрыемствы недафінансоўваюцца на працягу некалькіх гадоў, хаця мы іх праводзім, бо яны вельмі патрэбныя беларускай грамадскасці ў Польшчы. Стараемся атрымліваць сродкі фінансавыя з іншых крыніц. Гэта рэакцыя нядобрая, бо няпраўда, што не хапіла бы грошай. Грошай хапіла бы. Мы не раз гаварылі супольнай камісіі пра гэта, што часта Міністэрства дае грошы на мерапрыемствы, якія непасрэднай сувязі з нацыянальнай меншасцю не маюць. Або дае на такія ўстановы, якія самі па сабе з’яўляюцца самастойнымі, і яны без гэтага дафінансавання сабе бы рады далі бы.

Яна Запольска, Беларускае Радыё Рацыя