Праціўнікі завода АКБ пачалі збор подпісаў пад зваротам да Лукашэнкі
26 мая на плошчы Леніна ў Берасці зноў сабраліся праціўнікі акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.
Згодна са звесткамі праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, на 12.40 сабралася прыблізна 130 чалавек.
Як паведаміла падчас сустрэчы актывістка Лада Яраш, сёння распачаты збор подпісаў пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай перапрафіляваць небяспечнае прадпрыемства, якое нясе пагрозу жыццю і здароўю людзей у рэгіёне. Прапануецца перанесці ва ўзведзены для акумулятарнага завода будынак участак ліцця завода СП ААТ „Брэстгазаапарат” або цэхі Берасцейскага электралямпавага завода.
Таксама на плошчы Леніна праходзіў збор подпісаў пад зваротам да берасцейскіх улад — абласнога, раённага і гарадскога выканкамаў. Аўтары дакумента патрабуюць „поўнамаштабнага ўключэння адпаведных органаў у кантроль за працай прадпрыемства на ўсіх этапах яго дзейнасці”. Акрамя таго, яны патрабуюць „абавязаць службовыя асобы выконваць свае абавязкі па арганізацыі бяспекі жыцця і здароўя грамадзян” і прапануюць разгледзець пытанне пра стварэнне лабараторыі, якая магла б па заяўцы грамадскасці ў любы момант аператыўна рабіць замеры выкідаў.
Удзельнікі сустрэчы зноў заявілі, што завод „пад выглядам пусканаладачных работ паўнавартасна працягвае працаваць”. Як сказала Ірына Сіліцкая, праціўнікі завода накіравалі інфармацыю пра выяўленыя факты ў шэраг інстанцый, але на гэты час адказаў па сутнасці не атрымалі, а „атрымалі сачыненне на вольную тэму”.
Актывісты таксама адзначылі, што працягваецца дзяжурства ля акумулятарнага завода, якое пачалося 3 мая. Юлія Зубік заўважыла, што на лужку ля завода пажаўцела трава і засохла бяроза, хоць і прайшлі дажджы.