Алесь Бяляцкі: Сітуацыя з правамі чалавека не палепшылася
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2014 годзе не палепшылася, – канстатуе кіраўнік праваабарончага цэнтру „Вясна” Алесь Бяляцкі. Вельмі трывожныя тэндэнцыі яе пагаршэння праявіліся асабліва выразна ў канцы года.
– Прынятыя новыя заканадаўчыя акты, якія абмяжоўваюць свабоду распаўсюду інфармацыі ў Беларусі, таксама адбылася змена Крымінальнага заканадаўства, якая зрабіла па некаторых артыкулах большыя тэрміны, большая колькасць людзей зараз можа падвяргацца пераследу па розных прычынах. Словы пра паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека разыходзяцца з рэальнай сітуацыяй, з тым, што робіцца ў нас у Беларусі.
Адным з галоўных індыкатараў становішча з правамі чалавека з’ўляецца наяўнасць палітычных зняволеных. Зараз па палітычных матывах у месцах зняволення краіны знаходзіцца 6 вязняў. Ігнаруючы шматлікія звароты, улады не вызваляюць іх, – сказаў Алесь Бяляцкі. Па яго меркаванню, рэпрэсіі маюць тэндэнцыю да павялічэння. „У беларускім грамадстве гайкі будуць закручвацца, асабліва ў сувязі з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў. І толькі ад самаго грамадства залежыць, наколькі будуць абаронены палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя правы ў краіне,” – лічыць Алесь Бяляцкі.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя