У Гародні пачаўся летні сезон Танцаў Гарадзенскіх Дворыкаў
У дворыку каля былой гарадзенскай галерэі “Крыга” распачаўся летні сезон Танцаў Гарадзенскіх Дворыкаў. Сустрэча, на якой задарма вучаць беларускім танцам, сабрала некалькі тузінаў гарадзенцаў і гарадзенак рознага ўзросту.
Пра новую гарадзенскую традыцыю кажа адзін з удзельнікаў Антон Галынскі:
– Пачатак сезона для нас знакаміты тым, што наш гарманіст з’ехаў у Нямеччыну, прыехаў музыка з Менска – Аляксей Крукоўскі. Астатнія музыкі – нашыя, гарадзенскія, але ўсё ж менскі музыка для нас – гэта нейкая такая дзіковінка. Усе тыя ж самыя танцы, што танцуем звычайна: полька-бабка, падэспань, кракавяк. Гэта ўсё традыцыйныя беларускія танцы, якія танцавалі не толькі тут, на Гарадзеншчыне, але па ўсёй тэрыторыі Беларусі, трошкі ва Украіне і Польшчы.
Далучыцца да вывучэння беларускіх танцаў зможа кожны жадаючы, хто прыйдзе ў выходныя а 19-й гадзіне на Танцы Гарадзенскіх Дворыкаў у дворык на вуліцы Савецкай, да былой галерэі «Крыга».
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня