Не хлебам адзіным. Абаранкамі – таксама!
25 траўня ў Смаргоні “супалі” два важныя мерапрыемствы – II Фестываль-кірмаш „Смаргонскія абаранкі” і Міжнародны эканамічны форум „Новыя магчымасці і перспектыва супрацоўніцтва”. Салідны ўзровень – гэта вам не жартачкі!
Супалі ў адзін час ды ў адным месцы – на гарадскім стадыёне. Тамсама выступалі мясцовыя і запрошаныя калектывы. Вядомыя на ўвесь свет “Харошкі” таксама да нас завіталі… У гарадскім парку размясціліся майстры-рамеснікі. Не абышлося без дзіцячых пляцовак і вулічнай ежы. Надвор’е спрыяла выхаду ў свет – сапраўднае цёплае лета! І ўсё ж адна лыжка дзёгцю – з ходу! – знайшлася ў смаргонскай бочцы мёду – кошты! Простая гісторыя: ідзе сям’я з двума дзецьмі ў горад на “Абаранкавы фэст” і набывае сабе чатыры блінчыкі з курыцай або вяндлінай і нейкі напой. Маем суму ў 20 з “хвосцікам”рублёў (9-10 еўра!). Мала мелі – хутка з’елі! І прыйшлі дадому галоднымі…
Вулічная ежа ва ўсім свеце пазіцыянуецца як “хутка-смачна-нядорага”. Але не ў нас. У нас усё амаль грамадскае харчаванне – ад шашлыкоў да блінчыкаў – падштурхоўвае цябе да простай і лагічнай думкі: “Трэба дома есці часцей!” Пажадана заўжды есці дома, спадарства! І галоднымі на вуліцу не выходзіць… Іначай проста вылеціш у трубу і не дажывеш да заробку ці пенсіі, якія ў нас, канечне, харошыя – агулам! Статыстычна… А ў прыватнасці, пры выхадзе на вуліцы вёсак і гарадоў, пасля заходу ў крамы і выплаты ўсіх камунальных выдаткаў – зусім іншая гісторыя. Гісторыя невясёлая.
Тут можна будзе пачуць абвінавачванне ў меркантыльнасці і песімізме… І насамрэч, не хлебам адзіным жыве чалавек! Згадаем слаўную традыцыю смаргонскіх абаранкаў… Страчаныя старажытныя рэцэпты… Мядзведжую акадэмію і віленскія кірмашы, куды смаргонцы выязджалі гандляваць абаранкамі чатыры разы на год – па вялікіх святах! Але варта развіваць культуру вулічнага фастфуду, каб народ прыйшоў сябе паказаць, на іншых паглядзець, захаваўшы пры тым баланс грошай у гаманцы і настрою ў душы! Бо такое адчуванне, што грамадскае харчаванне хоча зарабіць на нас так, быццам апошні дзень жывем на свеце!