Зяленскі вярнуў Саакашвілі грамадзянства Украіны
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб аднаўленні ва ўкраінскім грамадзянстве Міхаіла Саакашвілі. Папярэдні прэзідэнт краіны Пётр Парашэнка спачатку прадаставіў Саакашвілі грамадзянства, а затым адабраў яго.
„Унесці ва ўказ прэзідэнта Украіны ад 26 лiпеня 2017 года №196 змены, выключыўшы палажэнне аб страце Саакашвілі Міхаілам грамадзянства Украіны„, – гаворыцца ў тэксце ўказу Зяленскага, апублікаваным на афіцыйным сайце кіраўніка дзяржавы.
„Дзякуй прэзідэнту Зяленскаму! Слава Украіне!” – адрэагаваў ў „Фэйсбуку” і па-ўкраінску, і па-руску Саакашвілі. Ён паведаміў, што вернецца на Украіну ў сераду.
„Я вяртаюся заўтра. Я засумаваў па Украіне і па Кіеве і лячу ў Кіеў„, – паведаміў палітык.