Колькасць выпадкаў хабарніцтва ў Беларусі вырасла амаль на 40%



У студзені—красавіку ў Беларусі зафіксаваныя 984 выпадкі хабарніцтва. Па інфармацыі Белстата, гэта на 38,6% больш у параўнанні з паказчыкам за аналагічны перыяд 2018 года.

Заканадаўствам за даванне хабару, пасрэдніцтва ў хабарніцтве і атрыманне хабару прадугледжаная крымінальная адказнасць. Акрамя таго, да ліку карупцыйных злачынстваў заканадаўства адносіць перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, а таксама крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.

У студзені—красавіку ў Беларусі зафіксаваныя 100 выпадкаў злоўжывання ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, што на 26,5% менш у параўнанні з паказчыкам за аналагічны перыяд мінулага года.

У гэты ж час зафіксаваныя 350 крадзяжоў шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, што на 9,4% больш, чым за такі ж леташні перыяд.

Варта адзначыць, што ў маі быў падпісаны дэкрэт прэзідэнта аб дадатковых мерах па змаганні з карупцыяй, згодна з якім тыя, хто адбываюць пакаранне за падобныя злачынствы, не падлягаюць умоўна-датэрміноваму вызваленню (УДВ) — з месцаў пазбаўлення волі яны могуць выйсці датэрмінова толькі ў выпадку памілавання кіраўніком дзяржавы.

„Планка прыняцця рашэнняў павысілася, — заявіў генпракурор Аляксандр Канюк, выступаючы 23 мая ў Палаце прадстаўнікоў. — Па карупцыйных злачынствах будзе толькі адзін шлях — праз памілаванне прэзідэнтам. Мала таго, што гэта індывідуальны акт, уся працэдура — найвышэйшага класа. Таму што заяву піша асуджаны, яе разглядае камісія па памілаванні. Гэта самы высокі ўзровень”.

Генпракурор таксама звярнуў увагу, што рашэнні аб УДВ раней прымаліся раённымі судамі. „Што тут казаць, часам дапускаліся такія рэчы, калі на волю выходзілі людзі, зусім не вартыя гэтага”, — заявіў Канюк.

Адзначыўшы, што ў 2018 годзе колькасць зарэгістраваных у Беларусі карупцыйных злачынстваў вырасла на траціну, генпракурор назваў змаганне з карупцыяй „адным з найважнейшых прыярытэтаў беларускай дзяржавы”.

У рэйтынгу „Індэкс успрымання карупцыі” за 2018 год, які штогод публікуе міжнародная арганізацыя Transparency International, Беларусь пагоршыла свае паказчыкі, апусціўшыся з 68-га на 70-е месца. Сярод найбліжэйшых суседзяў Беларусі найлепшыя паказчыкі ў Польшчы (36-е месца), Літвы (38-е), Латвіі (41-е). Украіна займае 120-е месца, Расея — 138-е.

БелаПАН