Фільм пра Янку Купалу ўпершыню пакажуць у Дзень беларускага кіно
Нацыянальны фільм „Янка Купала” рэжысёра Уладзіміра Янкоўскага плануецца прадставіць грамадскасці ў Дзень беларускага кіно – 17 снежня, заявіў журналістам генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі „Беларусьфільм” Уладзімір Карачэўскі.
„У канцы верасня фільм павінен быць зманціраваны. Але мы не плануем адразу пускаць яго ў шырокі пракат. У Дзень беларускага кіно прадставім „Янку Купалу” журналістам і кінематаграфічнай супольнасці, – расказаў Уладзімір Карачэўскі. – Гэтаму фільму мы хочам падарыць вялікую фестывальную гісторыю. А ў 2020 годзе прадставіць шырокаму гледачу. Будзе поўны метр – вялікае кіно, а таксама 4-серыйны фільм”.
У фільме задзейнічаны беларускія акцёры і толькі адзін запрошаны акцёр Мікалай Шастак, родам з Латвіі, але які мае беларускія карані, ён і выканаў ролю класіка. „Дарослага Купалу сыграў адзін акцёр. Дзякуючы добрай пластыцы яму ўдалося паказаць галоўнага героя і маладым, і пажылым. Варта таксама адзначыць якасную работу грымёраў. Мы прывозілі грым з Масквы такі ж, што быў выкарыстаны на здымках фільма „Высоцкі. Дзякуй, што жывы”, – адзначыў гендырэктар.
Уладзімір Карачэўскі падкрэсліў, што здымачны працэс праходзіў вельмі актыўна, „змагаліся да апошняга за кожны кадр у самых цяжкіх умовах, нават у 20-градусны мароз”. Здымкі праходзілі ў Беларусі, Расеі, Літве. „Засталося літаральна тры здымачныя дні, калі пацяплее, яшчэ раз выйдзем на натурпляцоўку і даздымем некаторыя моманты. А цяпер пачынаюць актыўна манціраваць фільм”, – дадаў ён.
Дарэчы, да эпізадычнай ролі афіцэра зняўся і сам гендырэктар. „Калі быў Дзень беларускага кіно ў мінулым годзе, Янкоўскі ўбачыў мяне ў касцюме палкоўніка царскай арміі і сказаў, што хацеў бы зняць мяне ў эпізодзе. Так я і ўвайшоў у карціну. Але стаўку на сябе, як на акцёра, я не раблю. Галоўнае – стварыць умовы для кінавытворцаў”, – сказаў Уладзімір Карачэўскі.
Над фільмам працуюць расейскія і беларускія аператары. Музыка да фільма будзе запісвацца сімфанічным аркестрам. „Мы робім вялікае ўнікальнае кіно, якім можна будзе ганарыцца. І для нас гэты фільм знакавы – ёсць шанц заявіць пра сябе па-новаму”, – рэзюмаваў гендырэктар.
Гістарычная драма расказвае пра лёс народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. У карціне раскрываюцца асноўныя вехі жыццёвага і творчага шляху паэта, які супаў з найбольш трагічнымі падзеямі XX стагоддзя. Трэйлер „Янкі Купалы” ёсць на англійскай, беларускай і кітайскай мовах. Афіша распрацоўваецца сумесна з беларускім мастаком і дызайнерам Уладзімірам Цеслерам.