Муж Ларысы Геніюш пакінуў успаміны
Выйшаў у свет травеньскі нумар газеты “Слонімскі край”. Ён пачынаецца артыкулам пра скандальны футбольны матч 1929 года паміж наваградскай камандай “Макабі” і яўрэйскай камандай ZKS са Слоніма. Скандал адбыўся не з-за гульні, а з-за бойкі футбалістаў на полі. Пра гэта больш падрабязна піша “Слонімскі край”.
Што сабой уяўляў слонімскі гандаль у 1920-х гадах, грамадскі транспарт у Слоніме ў 1929 годзе і іншыя матэрыялы чытачы таксама знойдуць на старонках новага выдання.
Успаміны пра слонімскага паэта, калекцыянера, мастака і музыканта Гальяша Леўчыка (1880-1944) напісаў і пакінуў муж беларускай паэткі Ларысы Геніюш Янка Геніюш, які добра ведаў Гальяша Леўчыка і часта гасцяваў у яго хаце ў Слоніме. Янка Геніюш напісаў, што “вобраз Леўчыка застаўся ў маёй памяці чысты такі і пранікнёна беларускі”.
“Слонімскі край” таксама публікуе шмат гісторыка-краязнаўчых навін са Слонімшчыны, рэцэнзіі, і пра тое, як горад над Шчарай рыхтуецца да Свята беларускага пісьменства і друку.
Свежы нумар “Слонімскага краю” і ранейшыя нумары чытайце на http://kamunikat.org/usie_czasopisy.html?pubid=50515
Беларускае Радыё Рацыя