У фінале Лігі Еўропы „Чэлсі” разграміў „Арсенал”
Позна ўвечары 29 траўня ў сталіцы Азербайджану Баку прайшоў фінал футбольнай Лігі Еўропы. У ім сустрэліся два лонданскія клубы – „Чэлсі” і „Арсенал”.
Першы тайм прайшоў у роўным змаганні і галоў не прынёс. А ў другой палове мячы пасыпаліся ў сетку. На 49-й хвіліне прыгожы гол галавой у падзенні аформіў французскі нападнік Аліўе Жыру. На 60-й іспанец Педра пасля пасу Азара падвоіў лічбы на табло. На 65-й ужо сам Эдэн Азар рэалізаваў пенальці ў браму Пятра Чэха.
фота Eurosport
На 69-й хвіліне нігерыец Алекс Івобі, які толькі выйшаў на замену, эфектным стрэлам падарыў невялікую надзею заўзятарам „Арсеналу”. Але вельмі хутка футбалісты „Чэлсі” пасля адбору мяча арганізавалі хрэстаматыйны розыгрыш і Азар давёў лік да 4:1. Пасля гэтага заставалася толькі чакаць фінальнага свістка. Трафей заваявала каманда трэнера Маўрыцыё Сары.
Лепшым бамбардзірам турніру з 11 галамі стаў Аліўе Жыру. А „Чэлсі” другі раз у гісторыі выйграў Лігу Еўропы (першы раз у 2013 годзе).
Беларускае Радыё Рацыя